Меню

Парасткі вольнага духу

Общество  — 

Заходняя Беларусь у 1921 годзе паводле Рыжскага мірнага дагавора апынулася пад уладай панскай Польшчы. На гэтых беларускіх землях быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым. Палякі праводзілі палітыку сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Асабліва дэспатычныя дзеянні былі ў галіне школьнай асветы. Вось што напісана пра гэта ў кнізе «Памяць».

Адзіная беларуская школа, якая існавала ў Маладзечне з 1918 года, была закрыта. Пачынаўся шлях «узвядзення бастыёну культуры польскай па-над граніцай», як сказаў адзін з польскіх палітыкаў.

Як альтэрнатыва беларускай нацыянальнай асвеце ў нашым горадзе ў ліпені 1922 года на вуліцы Вілейскай была адкрыта польская гімназія. Працавала яна да 1939 года. У першым навучальным годзе ў гімназіі было 116 вучняў: 61 хлопец, 55 дзяўчынак. Заняткі і ўсе мерапрыемствы ладзіліся на польскай мове і ў польскім патрыятычным духу.

За вучобу ў гімназіі ў 30-я гады мінулага стагоддзя трэба было плаціць 200 злотых штогадова (на гэтыя грошы можна было купіць 100 пудоў жыта). Такім чынам, для дзяцей большасці мясцовых жыхароў адукацыя была недаступная.
Нягледзячы на паланізацыю і гвалтоўную асіміляцыю, многія вучні-беларусы Маладзечанскай польскай гімназіі не выракаліся свайго нацыянальнага «я», сваёй мовы і культуры, праз усё жыццё пранеслі любоў да сваёй Бацькаўшчыны. Сярод іх былі сын вядомага дзеяча беларускага адраджэння Браніслава Тарашкевіча Радаслаў Тарашкевіч, просты і сціплы настаўнік вясковай школы Віктар Казлоўскі, дзеячы беларускага замежжа Павел Асіповіч, Мікола Ганько, Пётр Ганецкі, актыўны прапагандыст роднай мовы і гісторыі Беларусі Лявон Шыман.

Гэтыя прыклады сведчаць, што нават ва ўмовах татальнага прыгнёту ўсяго нацыянальнага польскія ўлады не змаглі зламаць імкненне беларусаў «людзьмі звацца». Барацьба за права быць гаспадарамі на сваёй зямлі адбывалася ва ўсе гады польскага панавання.

У канцы верасня 1939 года, калі ў Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная армія, пасаду дырэктара Маладзечанскай гімназіі заняў адданы беларускі патрыёт Янка Карпіновіч (выкладаў беларускую мову і літаратуру). У канцы кастрычніка таго ж года на базе гімназіі было адкрыта педагагічнае вучылішча імя Янкі Купалы, якое праіснавала да чэрвеня 1941 года.

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также