Настаўнік з Лебедзева расказаў, хто змагаўся з «фэйкамі» пра савецкую ўладу
У музейным пакоі Лебедзеўскай сярэдняй школы на ганаровым месцы партрэт кавалера ордэна Леніна Пятра Капцюга. Менавіта да яго прыводзіць вучняў, каб бліжэй пазнаёміць са знакамітым земляком, настаўнік гісторыі Антон АПАНАСЕВІЧ. Экскурсы не толькі з нагоды памятных дат Вялікай Айчыннай вайны, але і напярэдадні 17 Верасня таксама.
– Трэба нагадаць, што пасля Рыжскага міру ад 18 сакавіка 1921 года да Польшчы адышла вялізная тэрыторыя Заходняй Беларусі, гэта больш за 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля чатырох з паловай мільёна чалавек, – нагадвае гістарычныя факты Антон Антонавіч. – Як нам вядома, у Заходнюю Беларусь уваходзіла і частка Мінскай вобласці, лебедзеўскі край у тым ліку. Тэрыторыі ў афіцыйных дакументах называліся «крэсамі ўсходнімі», так званым ускрайкам Польшчы. На самай справе яны выконвалі ролю сыравіннага прыдатку тагачаснай польскай дзяржавы. Цяжкім тады было жыццё лебедзеўцаў.
У гэты час актыўны ўдзел у падпольным камуністычным руху прымаў наш зямляк Пётр Капцюг. Быў асабіста знаёмы з Сяргеем Прытыцкім, у нечым нават паўтарыў яго лёс. Дэфензіва арыштоўвала яго чатыры разы, за падпольную палітычную дзейнасць на карысць СССР Пётр Усцінавіч быў асуджаны польскімі ўладамі і атрымаў чатыры гады турэмнага зняволення.

– Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Пётр Капцюг быў актыўным удзельнікам партызанскага руху. Ён адзіны ўраджэнец нашага раёна, узнагароджаны ордэнам Леніна за партызанскую дзейнасць, – з гонарам падкрэслівае настаўнік. – Але калі мы гаворым пра папярэдні час, то Пётр Усцінавіч распаўсюджваў лістоўкі, праводзіў вялікую інфармацыйную работу. Большасць людзей была напалоханая палякамі. Як сёння сказалі б, яны распаўсюджвалі «фэйкі» пра савецкую ўладу. А Пётр Усцінавіч расказваў праўду. Вельмі моцны быў агітатар. Потым быў актыўным удзельнікам станаўлення савецкай улады. Пасля вайны працаваў над аднаўленнем і ўмацаваннем народнай гаспадаркі.
Пра ўсё гэта Антон Антонавіч расказвае сваім вучням і адзначае, што такая работа вялася заўсёды.
– Канешне, школьнікі з урокаў гісторыі ведалі значэнне 17 Верасня, ведалі, чаму гэту назву носіць адна з вуліц нашага аграгарадка. Але сёння яны інакш успрымаюць гэту дату, чым, напрыклад, дзесяць ці дваццаць гадоў таму, – са сваёй практыкі робіць высновы настаўнік. – Гэта дата набыла вагу ў маладога пакалення толькі дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Цяпер мы гаворым пра сапраўднае свята адзінства беларускага народа, якое 87 гадоў таму садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму развіццю, сёння накіроўвае нас у бок прагрэсу ў цэлым.