Падарожжа па эмоцыі
На другі дзень новага, 2026 года вырашыў скарыстаць уласную параду і наведаць знакавыя мясціны Маладзечаншчыны. Выбар паў на Вязынку. Лакацыя знакавая, вельмі даступная. Прыпынак электрычак знаходзіцца літаральна ля Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка. Хаця музей у той дзень не працаваў, уражанняў усё роўна хапіла.
Па-першае, вельмі многімі эмоцыямі падзялілася прырода. У Вязынцы ўдала спалучаюцца рэльеф, навакольныя лясы, водныя аб’екты – галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, прыгожае возера ў самім запаведніку, рэчка Вязынка. Якраз у гэтыя дні зямлю накрыла снежная коўдра. Было вельмі прыгожа.
Лёд яшчэ не паспеў цалкам пакрыць возера. На фоне белых берагоў яно выглядала цёмна-шэрым. Такі кантраст узмацняў уражанні. А фатаграфіі, зробленыя з розных ракурсаў, дазволілі падзяліцца настроем са сваякамі і знаёмымі. Асабліва выйгрышна выглядаў парк з пабудовамі недалёка ад берага вадаёма.
Хочацца выказаць рэспект работнікам Купалаўскага музея, а таксама дарожным службам. Дарожкі ў мемарыяльным запаведніку былі расчышчаны. Кожны жадаючы мог прайсціся па маршруце, агледзець наваколле. Што тычыцца самой вёскі, снег з праезнай часткі вуліцы ўбіраў спецыяльны аўтамабіль. Вадзіцель адзначыў, што і ў выхадныя дні вяскоўцы павінны адчуваць сябе камфортна.
Ля запаведніка пагаварыў з некалькімі дачнікамі і мясцовымі жыхарамі. Людзі адзначалі, што сустракаць Новы год у такім месцы, як Вязынка, вельмі прыемна. З аднаго боку, тут акунаешся ва ўлонне прыроды, адчуваеш аўру гісторыі. А яшчэ даехаць сюды з Мінска або Маладзечна не праблема. Гэта зручна, падарожжа не ператвараецца ў турыстычную экспедыцыю, да якой трэба загадзя доўга рыхтавацца.
– Вёска прыгожая, часта гуляю па яе ваколіцах, – расказала мясцовая жыхарка Надзея Дарожка. – Мне тут вельмі падабаецца. Люблю наведваць цікавыя і відовішчныя святы, што ладзяцца ў музеі.
Дзве гадзіны ў Вязынцы і ваколіцах прайшлі хутка. Аднак уражанняў хопіць надоўга. Зімовае надвор’е не перашкодзіла атрымаць асалоду ад падарожжа. Раю ўсім, калі ёсць магчымасць, не сядзець дома, а адправіцца ў пазнавальную экспедыцыю па добры настрой. На Маладзечаншчыне адпаведных напрамкаў шмат.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ