Гіганцкіх памераў валун знайшоў мясцовы краязнавец і энтузіяст з вёскі Трапалава Уладзімір МАРОЗ. Мяркуецца, што гэты велізарны камень папоўніць спіс самых знакамітых валуноў Беларусі.
У Маладзечанскім раёне ёсць камяні розных форм і памераў. Некаторыя з іх прызнаныя помнікамі прыроды і строга ахоўваюцца. Краязнаўцы ўпэўнены, што знаходка Уладзіміра Мароза прыцягне ўвагу геолагаў, пятрографаў і нават уфолагаў.
Памеры гэтага гіганцкага каменя сапраўды ўражваюць: яго шырыня 2,6 метра, вышыня 4,10 метра. На сёння на тэрыторыі Маладзечанскага раёна ў афіцыйныя спісы геалагічных помнікаў прыроды занесены толькі два валуны. Адзін з іх знаходзіцца ў аграгарадку Маркава, другі – у вёсцы Загорцы.
– Лічу, што знаходка Уладзіміра Мароза вельмі значная для Маладзечаншчыны і ўсёй Беларусі. Спецыялісты інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь сцвярджаюць, што любы некрануты і нязрушаны валун памерам больш за тры метры павінен набыць статус геалагічнага помніка прыроды і ахоўвацца дзяржавай. Гэты прыгожы валун з ружовага граніту ля Трапалава ўражвае сваімі памерамі і формай, якая нагадвае марскога ската. Ён таксама можа быць аднесены і да культавых стэб-камянёў – трэба, каб спецыялісты з Акадэміі навук агледзелі і ацанілі гэты ўнікальны геалагічны аб’ект прыроды. Спадзяюся, што гэта знаходка папоўніць спіс адметных ледавіковых валуноў на Маладзечаншчыне да трох, – патлумачыў Міхаіл Міхалевіч.
Тэкст і фота: Алег ПАЦЭВІЧ