Маладзечаншчына рыхтуецца аб’явіць новы заказнік мясцовага значэння. Ён будзе называцца «Барсучы лог». Плошча асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі складзе 576 гектараў. Лакацыя аб’екта – паміж вёскамі Валодзькі і Повязынь.
Спецыяліст па ўліку і маніторынгу рэдкіх відаў жывёл, саіскальнік факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Яўгеній Смалярка расказаў, чаму згаданая тэрыторыя мае такую высокую экалагічную каштоўнасць:
– Аснова гэтага склалася больш за сто тысяч гадоў таму. Тады ваколіцы сучасных Радашковічаў пакрываў магутны ледавік. Калі масіў лёду стаў раставаць, вада стварыла на тэрыторыі мноства балак і яроў. Менавіта яны вызначылі асаблівасці, дзякуючы якім ландшафт стаў прыгодным для пражывання барсукоў.
Яўгеній Смалярка адзначыў, што навакольныя тэрыторыі доўгі час выкарыстоўваліся па сельскагаспадарчым прызначэнні. У гэтым раёне развівалася лясная гаспадарка. Аднак месца, дзе захаваліся «чырванакніжнікі», заставалася некранутым. Перашкаджалі ўзворваць глебу і валіць лес шматлікія яры.
Толькі ў перыяд з 1920-х гадоў да 1939-га навакольныя лясы высякаліся. Тады тут праходзіла савецка-польская граніца. Прыгранічная паласа была ачышчана. Па меры аднаўлення лясных масіваў пасля ўз’яднання Беларусі аднаўлялася ўся экасістэма. Вярнуліся сюды і барсукі.
– Ландшафт на тэрыторыі будучага заказніка найбольш прыдатны для барсукоў, – акцэнтаваў спецыяліст. – На дне лагчын б’юць з зямлі шматлікія крыніцы. Свежая вада заўсёды ў даступнасці. Для жывёл ёсць выдатная кармавая база. На пясчаных узвышшах можна рабіць норы для вываду патомства.
Яўгеній Смалярка адзначыў, што статус заказніка дазволіць захаваць не толькі барсукоў. Будуць ахоўвацца рэдкія віды раслін і птушак, якія выяўлены ў час абследавання тэрыторыі навуковымі супрацоўнікамі НПЦ НАН па біярэсурсах.
– Спрыяльныя прыродныя ўмовы, што складаліся на працягу тысяч гадоў, у спалучэнні з прыродаахоўнымі мерапрыемствамі, якія абмяжоўваюць уплыў сучаснага антрапагеннага і гаспадарчага фактараў, дазволяць не толькі захаваць раслінны і жывёльны свет у цяперашнім стане, але і павялічыць біялагічную разнастайнасць і экалагічную ўстойлівасць рэгіёна ў доўгатэрміновай перспектыве, – заўважыў Яўгеній Смалярка.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Яўгенія СМАЛЯРКІ