Новости Молодечно и Молодечненского района

За што штрафавалі работнікаў млына і чаму прасы прадаваліся ў пары?

  • 2023-03-09 06:31:52
  • Анжаліка Крупянькова

У гэтым пераканаліся актывісты ветэранскага руху нашага раёна ў час выязнога пасяджэння народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце» ў гэты адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, першае ўпамінанне пра які датуецца 985 годам.

Рагнеда вітае з габелена

Наша знаёмства з гісторыка-культурным запаведнікам «Заслаўе» пачалося з залы габеленаў музейна-выставачнага комплексу. Экскурсавод Ганна расказала нам, што манументальныя габелены «Рагнеда», «Полацкія званы» і «Малітва» былі створаны на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па эскізах беларускіх мастакоў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай. Мы любаваліся вытанчанай работай народных умельцаў і слухалі сумную гісторыю полацкай князёўны Рагнеды, якую яе муж, кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч, саслаў сюды разам з сынам Ізяславам. У гонар смелага хлопчыка, які стаў перад князем на абарону маці, і быў названы горад. Помнік Ізяславу ўзведзены ў цэнтры Заслаўя.

Пабывалі мы і ў музейнай гандлёвай краме, дзе сабрана шмат цікавых старажытных прынад працы, бытавых прыбораў. Многія з нас бачылі прасы на вуглях. А вось кампактны і вельмі цяжкі прас, унутр якога закладваўся нагрэты кавалак металу, патрымалі ў руках упершыню. Экскурсавод зазначыла, што ў даўніну такія прасы прадаваліся ў пары, каб працэс не перарываўся: адным прасуеш -- для другога награваеш жалеза.

На другім паверсе музея мы пазнаёміліся з адзінай у Беларусі пастаяннай экспазіцыяй «Музыка вячорак», дзе сабраны музычныя інструменты з розных рэгіёнаў нашай краіны: дуда, гармонікі, скрыпкі, бубны, акарыны. Экскурсавод нават прапанавала нам сыграць на трашчотках. Была магчымасць уявіць сябе акцёрамі старажытнай батлейкі. Супрацоўнікі музея яе аднавілі і цяпер паказваюць спектакль «Цар Ірад».

На жаль, не давялося ўбачыць беларускія распісныя дываны: у фондах музея іх налічваецца 260. Большая частка належыць пэндзлю народнай мастачкі са Случчыны Алене Кіш. Захоўваецца і 30 дываноў, распісаных вядомым мастаком Язэпам Драздовічам. Перыядычна дываны выстаўляюцца. Нам не пашанцавала. Па словах экскурсавода, у Заслаўі плануецца стварыць асобны музей беларускіх распісных дываноў.

Мы любаваліся велічным касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі XVIII стагоддзя. Пабывалі на гарадзішчах «Замэчак» (тут захаваўся фундамент старажытнага замка, дзе і жыла Рагнеда з сынам) і «Вал». Паставілі свечкі ў духоўным цэнтры Заслаўя Спаса-Праабражэнскім храме, былым кальвінійскім саборы XVI-XVII стагоддзяў, у якім прапаведаваў Сымон Будны. Дарэчы, яго «Біблія» была надрукавана тут у 1574 годзе ў мясцовай друкарні.

Абразіў старэйшага -- плаці рубель

Яшчэ адно цікавае месца -- этнаграфічны комплекс «Млын». Аказваецца, да 1996 года ў Заслаўі дзейнічаў паравы млын на нафтавым рухавіку. Цяпер ён адзіны на Беларусі, сюды водзяць экскурсіі, падрабязна расказваюць, з дапамогай якіх прыстасаванняў збожжа ператваралі ў муку.

-- Як вы думаеце, за што раней штрафавалі работнікаў млына? -- задала нам пытанне экскурсавод.

За тое, што кралі муку, ухіляліся ад працы -- першае, што прыйшло на розум. Не адгадалі. Штраф у 1 рубель быў устаноўлены за тое, што больш маладыя работнікі дазвалялі сабе абразіць старэйшых.

У этнаграфічны комплекс уваходзяць таксама кузня, клець, аздобленая прыгожай разьбой, а таксама хата завозніка, у якой заказчыкі чакалі, пакуль змалоцяць іх збожжа. Там нас здзівіў медны рукамыйнік на два ражкі, падвешаны да столі, а таксама драўлянае прыстасаванне для здымання ботаў. Самыя шустрыя нашы турысты нават умудрыліся прылегчы на палаці, засланыя сеннікамі і кажухамі…

-- Восем гадоў у Заслаўі працаваў, а толькі ў час гэтай экскурсіі даведаўся, якое адметнае месца займае яно ў гісторыі Беларусі, колькі тут усяго цікавага і пазнавальнага, -- падзяліўся ўражаннямі старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Радашковіцкага сельсавета Вячаслаў Рабушка.

І для многіх ветэранаў гэты кампактны прыгожы 17-тысячны гарадок, што за 12 кіламетраў ад Мінска, стаў сапраўдным адкрыццём.

Ветэраны падзякавалі старшыні раённага савета ветэранаў Таццяне Шафаловіч, яе намесніку Тамары Лубінскай, адказнаму сакратару Святлане Маліноўскай, кіраўніку народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце» Наталлі Гайковіч за арганізацыю экскурсіі і цудоўную магчымасць больш даведацца аб багатай гісторыі роднай Міншчыны. Шмат цікавых фактаў расказала па дарозе ў Заслаўе супрацоўніца Мінскага абласнога краязнаўчага музея вопытны экскурсавод Лідзія Курыловіч, якая суправаджала групу.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў РАЁННАГА САВЕТА ВЕТЭРАНАЎ.