Новости Молодечно и Молодечненского района

У Мірскім замку любаваліся калекцыяй шпалер, у Нясвіжскім слухалі шум дажджу

  • 2023-05-10 12:24:59
  • Анжаліка Крупянькова

Самы старажытны экспанат -- сцены XVI стагоддзя

Паміж Мірам і Нясвіжам усяго 30 кіламетраў, між тым знаходзяцца яны ў розных абласцях. Трохтысячны гарадскі пасёлак Мір -- у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, раённы цэнтр Нясвіж з насельніцтвам у 16 тысяч -- у Мінскай вобласці. Дарэчы, па легендзе паміж гэтымі двума замкамі, уладальнікамі якіх былі прадстаўнікі княжацкага роду Радзівілаў, пракапалі падземны ход. Урэшце, такую легенду можна пачуць ледзь не ў кожным замку Беларусі.

Замкавы комплекс Мір, які мы наведалі першым, наогул ахутаны мноствам легенд. Да прыкладу, у кладцы паўднёвай сцяны ёсць камень, падобны на галаву барана. Існуе павер’е, што калі ён выпадзе, сярэдневяковы замак разбурыцца. Яшчэ адна легенда звязана з возерам, у якім адлюстроўваецца будынак. Быццам бы на яго месцы раней рос сад. Аднак апошні ўладальнік замка Мікалай Святаполк-Мірскі загадаў спілаваць яблыні ў разгар іх цвіцення. За гэта мясцовая вядзьмарка пракляла возера: «Няхай яно прыме столькі душ, колькі дрэваў расло ў садзе». На жаль, тапельцаў сапраўды тут было нямала. Экскурсавод нам расказала, што на яго беразе ад сардэчнага прыступу памёр і сам князь…

Велічны Мірскі замак XVI стагоддзя не зблытаеш ні з якім другім: тоўстыя, да чатырох метраў, сцены з чырвонай цэглы-пальчаткі і ўмацаванымі ў яе валунамі, крытыя галерэі, вежы 25-метровай вышыні, з якіх адкрываецца цудоўны панарамны від. Праўда, забрацца на іх няпроста: прыступкі на вузкай вінтавой лесвіцы вельмі крутыя. Аднак для нашых ветэранаў яны не сталі перашкодай.

Цікавая адна з версій паходжання назвы Міра. У старажытнасці ў гэтай мясцовасці жылі татары, а іх вярхоўны чын называецца эмірам, адсюль і Мір…

У палацы размешчана 39 экспазіцыйных і выставачных залаў, якія расказваюць пра яго гісторыю, уладальнікаў, знаёмяць з прадметамі быту мінулых стагоддзяў. Сцены залаў упрыгожвае самая вялікая ў Беларусі калекцыя шпалер (насценных карцін-дываноў без ворсу), якіх тут 18, прычым 14 -- ручнога ткацтва. Шмат прадстаўлена старажытнага адзення, аксесуараў.
-- Ведаеце, што ў мінулыя вякі існавала мова веера: калі дама прыціскала яго да сэрца, давала знак свайму кавалеру, што яна яго кахае, -- расказвала нам экскурсавод, спыніўшыся ля шыкоўнага веера на сцяне.

Цікава было паглядзецца ў два, здавалася б, абсалютна аднолькавыя люстэркі ў самай вялікай банкетнай зале. Адно з іх аўтэнтычнае, XVIII стагоддзя, другое -- яго копія. Мне больш спадабалася маё адлюстраванне ў сучасным… Здзіўляе і кесонная столь у гэтай зале, кожны фрагмент-квадрат якой важыць 100 кілаграмаў, а гэтых квадратаў там безліч.

Нягледзячы на войны, Мірскі замак выстаяў. Жудасна ўявіць, што ў час Вялікай Айчыннай вайны тут было гета. Пасля вайны ў яго сценах жылі бяздомныя, бежанцы. У час халадоў палілі ў печы панскай мэбляй… Рэстаўрацыйныя работы тут пачаліся ў 1983 годзе. І цяпер жамчужына нашай гісторыі і архітэктуры, якая ў 2000 годзе ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, паўстае ва ўсёй велічы і прыгажосці. Уваходны білет для дарослых па буднях каштуе 14 рублёў, па выхадных -- 16. Для студэнтаў дзейнічае 50-працэнтная скідка. Тут нават можна згуляць вяселле ў адной з залаў, арэнда будзе каштаваць 390 рублёў. Праводзяцца тэматычныя экскурсіі, квэсты, майстар-класы. Немагчыма ўтрымацца, каб не набыць які-небудзь сувенір у шыкоўным магазіне, асартымент у якім вельмі шырокі: ад магніцікаў да льняных сукенак, карцін.

За год -- 400 тысяч турыстаў

-- Мы вярнуліся да пандэмічнага ўзроўню, за мінулы год прынялі 400 тысяч турыстаў, -- паведаміла нам экскурсавод у Нясвіжскім палацавым комплексе, адным з найбуйнейшых у Еўропе, які з 2005 года таксама знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА.

Мы прыехалі сюды ў пятніцу. Здавалася б, будні дзень, аднак турыстычныя групы ішлі адна за адной. Акрамя таго, збіраліся госці на вяселле, маладыя пазіравалі перад камерамі. Жыццё тут б’е фантанам! Уваходны білет для дарослых каштуе 15 рублёў 30 капеек, для школьнікаў і студэнтаў -- 8 рублёў.

Дарэчы, побач з палацам цячэ рака Уша -- «цёзка» маладзечанскай. Трэці раз за апошнія гады я пабывала ў радавым палацы магнатаў Радзівілаў, і штораз тут здзіўляе нешта новае. На гэты раз у залатой зале экскурсавод паказала нам бясконцы калідор з паралельна размешчаных люстэркаў: глядзіш у адно -- бачыш шэсць, а тое і восем. Немагчыма не залюбавацца шыкоўнымі люстрамі: ва ўсіх залах яны розныя, кожная -- твор мастацтва. Аказваецца, іх стварылі на Лідскай фабрыцы «Каскад», якая спецыялізуецца на вырабе эксклюзіўнай святлатэхнікі. Праўда, нават прыблізны кошт іх гід не назвала -- вельмі вялікія грошы…

У сталовай экскурсавод расказала, якія стравы падаваліся па святах у Радзівілаў. Напрыклад, бабровыя хвасты, фаршыраваныя ікрой бялугі.

На экспазіцыі, прысвечанай старажытнаму тэатру, у чарговы раз пакруцілі ручку спецыяльнага драўлянага кола з бісерам унутры, якое імітуе шум дажду. Побач -- драўляная ўстаноўка, з дапамогай якой можна пачуць завіруху. Уражваюць і драўляныя марскія хвалі, якія прыводзіць у рух усё тая ж ручка-круцёлка.

Кожны пакой на мужчынскай, жаночай палавінах мае свае адметнасці, сакрэты. Апісваць усё гэта не мае сэнсу -- трэба бачыць на свае вочы. Адзначу толькі, што мэбля, габелены, гадзіннікі, фарфор не бутафорскія, а арыгінальныя рэчы сваіх эпох, па крупінках сабраныя на розных аўкцыёнах, выкупленыя ў калекцыянераў. І гэта не можа не выклікаць захапленне і гордасць за нашу дзяржаву, якая вярнула гэтыя каштоўнасці, каб мы іх маглі ўбачыць.

Як і ў Мірскім замку, тут лунае шмат легенд, самая знакамітая сярод якіх -- аб чорнай панне Нясвіжа. Цікава, што тут праводзяцца начныя экскурсіі з ліхтаром па неасветленых залах, у час якіх можна сустрэць прывід чорнай панны… Мы ж пры дзённым святле разглядалі партрэты прадстаўнікоў 17 пакаленняў роду Радзівілаў, якія правілі палацам. Экскурсавод расказала, што ў 1993, 2009 гадах сюды прыязджала князёўна Эльжбета Радзівіл, адзіная дачка перадапошняга ўладальніка палаца Альбрэхта Радзівіла. Яна нарадзілася ў Лондане, пасля разводу бацькоў жыла з маці-англічанкай у Парыжы, аднак усе канікулы праводзіла ў Нясвіжы ў бацькі. Можна сказаць, яна вырасла ў гэтым палацы. Эльжбета прадставіла шмат фотаздымкаў, якія дапамаглі ў рэстаўрацыі палаца. Яна пражыла 104 гады, памерла ў 2021-м у Варшаве. Цяпер у розных краінах жыве каля 400 нашчадкаў аднаго з самых уплывовых і багатых у старажытнай Беларусі магнацкага роду Радзівілаў.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.