Уладзімір БОГАН жыве ў Яхімоўшчыне, працуе ў мясцовай гаспадарцы. Ён ганарыцца, што аграгарадок звязаны з жыццём і дзейнасцю беларускага Песняра.
– У нас знаходзіцца музей паэта, прыязджаюць шматлікія прыхільнікі яго творчасці, – гаворыць субяседнік. – Штогод на Івана Купалу ладзіцца свята. На востраве пасярод возера распальваецца вогнішча, ладзіцца прадстаўленне. Удзельнічаюць у свяце і дзеці, і дарослыя.
Увогуле, населены пункт вельмі цікавы. Тут захаваліся пабудовы, дзе жыў і працаваў Купала, свірны. Ёсць прыгожы парк. Працуюць два магазіны. У аграгарадку спыняюцца рэйсавыя аўтобусы. У штучных вадаёмах водзяцца карась, шчупак, плотка, акунь. Мясцовасць маляўнічая.
Уладзімір Боган паведаміў, што раней у населеным пункце былі чатыры возеры (цяпер іх тры). Ад панскага маёнтка ішла падземная галерэя (так сцвярджалі старажылы). Увогуле, Яхімоўшчына – паселішча з багатай гісторыяй, слаўнымі культурнымі і працоўнымі традыцыямі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ