Таццяна Шумель – адна з такіх блізкіх майму сэрцу асоб. Гэты матэрыял – вынік яе плённай даследчай працы, якой яна, як і сваім вучням, аддала шчырае сэрца.
У кожнага чалавека ёсць свой любімы маленькі куток – вуліца, вёска, горад, дом, дзе ён нарадзіўся і вырас. Гэта яго малая радзіма, а з мноства такіх родных куточкаў і складаецца наша вялікая краіна. Кожны чалавек любіць сваю Радзіму, а я вельмі люблю населены пункт, у якім ужо на працягу многіх гадоў «сею» разумнае, добрае, вечнае…
Гарадок, мястэчка, двор, вёска, нарэшце, аграгарадок – такая эвалюцыя адбывалася не толькі з гэтым населеным пунктам. Паступова важныя шляхі пайшлі воддаль Гарадка. Трацілася яго эканамічнае і стратэгічнае значэнне. Але на самай справе гэта ўнікальнае мястэчка як па колькасці захаваных гістарычных ды архітэктурных помнікаў (хаця і тут шмат што было разбурана, нават у найноўшы час), так і па сваёй гісторыі, асаблівы подых якой адчуваецца тут паўсюдна. Шмат добрага і трагічнага бачыў Гарадок: ні адна вайна ці рэвалюцыя не прайшлі міма гэтай зямлі. Што тычыцца рэлігійнага жыцця, то мясцовае насельніцтва з самага пачатку было звязана з рэлігіяй.
З таго часу, калі людзі яшчэ пакланяліся шматлікім багам, да нас дайшла прыгожая легенда. Гэта гісторыя здарылася шмат стагоддзяў таму. На выездзе з паселішча, ля дарогі, якая вяла да млына, рос дуб, а ля яго падножжа ляжаў вялікі камень. Жыхары вёскі і падарожныя прыходзілі да каменя, распавядалі яму пра свае жыццёвыя праблемы, беды, роспачы і прасілі дапамогі, выконваючы паганскія абрады і прыносячы ахвярапрынашэнні. У Гарадоцкім замку жыў князь з жонкай і дачкой. Прыйшоў час – дачка выйшла замуж. Усё было добра, але дачка не магла ўзрадаваць князя і падарыць яму ўнука, а мужу – сына. Князёўна тройчы хадзіла ў бязмесячныя ночы са шчодрымі дарамі да каменя, прасіла дапамогі. Але камень не пачуў просьбы. Давялося князю клікаць на дапамогу вешчуноў і знахараў. Усе стараліся дапамагчы, хто як умеў, але жаданага выніку ніхто не дамогся. І вось аднойчы прыйшоў вяшчун па імені Вінцусь. Ён расказаў князю аб тым, што ў кожнага каменя, якому пакланяюцца, ёсць сэрца. Калі з каменя атрымаць сэрца, то яно можа выканаць любое першае жаданне і да канца стагоддзяў будзе выконваць толькі адно гэта жаданне. Для гэтага трэба спілаваць дуб, абкласці дровамі камень і паліць яго трое сутак. Князь пачуў словы прадказальніка, загадаў спілаваць дуб і раскласці вялікае вогнішча вакол каменя. Тры дні і тры ночы гарэў агонь. Языкі полымя прагна палілі камень. На чацвёртыя суткі камень раскалоўся. Сярод асколкаў ляжала каменнае сэрца. Першае жаданне, якое даверылі яму, – гэта запаветная мара князёўны стаць маці. З надзеяй і хваляваннем княжая сям’я чакала першынца. У належны тэрмін не толькі сям’я, але і ўсё паселішча радаваліся нараджэнню дзіцяці.
Гэта легенда перадаецца са стагоддзя ў стагоддзе. Праўдзівая яна ці не, нам ужо не даведацца, але камень прыгожай формы ў выглядзе сэрца з абпаленымі бакамі, які ў народзе сталі называць Вінцусь, і цяпер ляжыць на ўездзе ў населены пункт. Праўда ў тым, што ў Гарадку ва ўсе часы жылі працавітыя, разумныя, добрыя людзі, якія стваралі вялікія і шчаслівыя сем’і… Ішлі гады, дзясяцігоддзі, стагоддзі, мяняліся ўладальнікі Гарадка, мяняліся і рэлігійныя вераванні яго жыхароў. У ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя тут ужо былі храмы розных канфесій: уніяцкая царква, якая праіснавала з 1802-га па 1839 год (дакладных звестак пра яе дзейнасць знайсці не ўдаецца), дзве праваслаўныя царквы, дзве сінагогі, а вось справа з каталіцкім касцёлам складвалася не вельмі проста. Наяўнасць касцёла ў XIX стагоддзі пісьмовыя крыніцы не адзначаюць.
Гісторыя каталіцкай парафіі непрацяглая. Яе вытокі звязаныя з капліцай у Чарнёве, якая належала Хоўхлаўскай парафіі. Першае ўпамінанне пра гэта ў архіўных дакументах датуецца 1744 годам. Наогул жа Гарадок адносіўся не толькі да Хоўхлаўскай, але і да Груздаўска-Аборкаўскай парафіі. Толькі ў 1914 годзе было дазволена будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Але радасная падзея для мясцовых жыхароў азмрочылася пачаткам Першай сусветнай вайны. Вайна, якая доўжылася да 1918 года, а затым і цяжкі паслярэвалюцыйны час спынілі будаўніцтва касцёла. Хутчэй за ўсё, яно так і не пачалося, магчыма, была ўзведзена толькі часовая капліца, а не касцёл. Дакладных звестак пра гэта да гэтага часу знайсці не ўдалося.
Будаўніцтва пачалося ў 1927 годзе, дапамагаў у будове пробашч з Хоўхлава ксёндз Нікадзім Казлоўскі. Яго асвячэнне адбылося 29 жніўня 1929 года. Людзей на гэта святочнае мерапрыемства сабралася вельмі шмат. І было гэта не толькі каталіцкае, але і праваслаўнае насельніцтва, бо старажылы не памяталі падобных урачыстасцей у мясцовасці. Стварэнне новай царквы тут вельмі важнае, бо мясцовае праваслаўнае насельніцтва, якое паходзіла з уніятаў, а таксама са змешаных шлюбаў, больш ахвотна прыняло б каталіцызм, каб было больш касцёлаў. Некаторыя праваслаўныя гаварылі: «Я прыняў бы польскую веру, але да касцёла так далёка...»
Варта адзначыць, што будаўніцтву спрыялі і праваслаўныя, якія самааддана прывезлі вялікую колькасць драўняных матэрыялаў, і асобныя яўрэі, якія зніжалі цэны на іх. Але асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, які развіў энергічную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва царквы ў Гарадку і капліцы ў Яршэвічах да канца. Сваім тактам, паблажлівасцю і сардэчным стаўленнем да ўсіх святар выклікаў усеагульную сімпатыю ці то ў католікаў, ці ў яўрэяў, ці ў праваслаўных.
Незразумелым застаецца пытанне аб будаўніцтве новага касцёла ў 1930 годзе. Але хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб працягласці ўзвядзення, распачатага ў 1927 г. У гісторыі будаўніцтва касцёлаў часта бывала, калі асвячалі недабудаваны храм, а далей працягваліся работы. Гэта версія пацвярджаецца і архіўнымі матэрыяламі, у якіх апісана, што падчас наведвання храма ў 1935 годзе будаўніцтва працягваецца: «новая царква пабудавана з дрэва, даволі прыгожая, але яшчэ не скончана».
Як жа выглядаў новы касцёл? Аб гэтым мы таксама можам прачытаць у больш позніх публікацыях. Драўляная святыня ўяўляла сабой выцягнуты прамавугольны аб’ём з пяціграннай апсідай, пры якой былі дзве закрыстыі, і грувасткай трох’яруснай вежай-званіцай над уваходам у святыню. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваў трохчасткавы алтар у стылі неабарока, цэнтральную нішу якога займала фігура Пана Езуса, левую – св. Францішка, а правую – св. Антонія. Цэнтр алтарнай кампазіцыі завяршала разьбярная выява Гостыі ў промнях.
Сваё пастырскае служэнне ў гэтыя гады тут неслі Нікадзім Казлоўскі, Баляслаў Урублеўскі, Гедымін Пілецкі, Станіслаў Буднік.
Апошнім святаром касцёла ў Гарадку быў Віктар Гагалінскі. У канцы верасня 1943 года ён пераехаў ў Вільню. Некаторыя лічаць, што разбурэнні ў касцельнай пабудове былі зроблены падчас няўдалай аперацыі па захопе святара нямецкімі войскамі, што дыслацыраваліся ў Гарадку. Дакладна вядома толькі тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчана. Пазней парафіяне Гарадка наведвалі касцёл у вёсцы Краснае або ў Валожыне і Пяршаях. Нягледзечы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, Бог распарадзіўся так, што касцельнае жыццё ў Гарадку не было знішчана назаўсёды, а пачало адраджацца. Адраджэнне парафіі было звязана з ордэнам Братоў Меншых Капуцынаў. У 2004 годзе былы гаспадарчы магазін перабудоўваецца ў капліцу. І цяпер кожную нядзелю і святы ў ёй адбываецца Святая Імша, якую праводзяць браты-капуцыны з парафіі святога Казіміра касцёла святога Піа ў Маладзечне. Тое ж месца, дзе быў касцёл, цяпер знайсці няпроста. Сюды ад мястэчка вядзе брукаваная дарога, якая пачынаецца на маленькай вулачцы і пераходзіць у асфальтаваную дарогу. Але калі загадзя ведаць пра гэта месца, то заўважыш вялікі крыж, што не так даўно ўстанавілі, і адразу зразумееш, дзе ты апынуўся. Яшчэ можна адшукаць падмурак касцёла. Вакол храмаў заўсёды хавалі святароў, шляхту і шляхетных асоб. Тут захавалася некалькі надмагільных помнікаў з надпісамі на польскай мове.
Час ідзе, адкрывае новыя гарызонты, але нельга ісці наперад, уявіць будучыню, не ведаючы мінулага, не разумеючы ўсёй важнасці і значнасці падзей, што адбыліся раней. Таму давайце памятаць і берагчы тое, што маем!
Падрыхтавала Людміла НЕХВЯДОВІЧ