Маю на ўвазе геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Каменныя валы Сцеберацкія». Размешчаны ён у Вілейскім раёне, усяго за 150 метраў ад дарогі Маладзечна -- Нарач. У рэспубліканскай прэсе прагучала, што камяні маглі быць устаноўлены яшчэ ў эпоху мезаліту, каля 7,5 тысячы гадоў таму. Калі гэта так, то мы маем самае старое ў Беларусі збудаванне, якое выкарыстоўваецца да нашага часу.
Калі прыязджаеш на месца, адразу адзначаеш невялікія памеры пяці плоскіх камянёў. Старажытныя людзі сарыентавалі каменны комплекс на палярную зорку. На камянях нанесены знакі. Навукоўцы сцвярджаюць, што ў якасці мастакоў выступілі старажытныя балты ў IV-VI стагоддзях.
Помнік шануецца і цяпер. На галінках дрэў вакол яго людзі развешваюць рознакаляровыя стужкі. На саміх камянях ляжаць манеты. Існуе паданне, што ў камяні ператварыліся валы, на якіх мясцовы селянін араў на Вялікдзень. Адсюль і назва комплексу.
Знаходзячыся тут, міжволі настройваешся на філасофскі лад. Старажытнай абсерваторыяй людзі карысталіся на працягу тысячагоддзяў. Паляўнічым-збіральнікам яна была патрэбна для вызначэння часу міграцыі жывёл. Земляробам комплекс служыў, каб своечасова пасеяць сельскагаспадарчыя расліны. Мяняліся народы, культуры, мовы, тэхналогіі, рэлігіі, сама прырода. А людзі ўсё прыходзілі ў Сцеберакі. Гэта матэрыяльнае ўвасабленне бесперапыннасці традыцый, бачны сімвал непарыўнай гістарычнай памяці народа.
Калі турыстам мезаліту аказалася мала -- калі ласка ў неаліт. Партал у гэты перыяд знаходзіцца бліжэй да Маладзечна, у вёсцы Цынцавічы (таксама недалёка ад дарогі на Нарач). Там можна ўбачыць камяні з выемкамі. Іх узрост -- 3,5-4 тысячы гадоў.
Што цікава, некаторыя камяні з прыкметамі ўздзеяння старажытнага чалавека былі прывезены сюды з узбярэжжа былога возера Ула. Яно было даволі вялікае, мела даўжыню каля двух кіламетраў і знаходзілася паміж Цынцавічамі і аграгарадком Нарач. Меліярацыя навакольных тэрыторый знізіла ўзровень грунтавых вод. У выніку возера ператварылася ў забалочаны ўчастак.
Аматары мастацтва ацэняць, што побач з неалітычнымі валунамі ўстаноўлены памятны знак, прысвечаны мастаку і майстру мазаікі Нікадзіму Сілівановічу (1834-1919). Творца нарадзіўся ў Цынцавічах у простай сялянскі сям’і, вучыўся ў Маладзечанскім пяцікласным дваранскім вучылішчы, потым у Пецярбургу. З усіх работ мастака толькі адна знаходзіцца ў Беларусі -- «Салдат з хлопчыкам».
Такі аўтамабільны тур выхаднога дня атрымаўся ў мяне. Паўтарыць яго і ўнесці свае ідэі можа кожны. Падарожнічаць па родным краі, вывучаць яго, пазнавальна і цікава.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.