Новости Молодечно и Молодечненского района

Самыя моцныя каманды -- «Жалязяка», «Цюлені», «Вадахлёбы»

  • 2023-09-12 11:39:19
  • Анжаліка Крупянькова

Галоўны суддзя спаборніцтваў інструктар-метадыст па турызме ДУ «ФСК «Агеньчык» Сяргей Бялкоў расказаў нашаму выданню, што ў іх прынялі ўдзел 8 каманд, якія аб’ядналі каля 50 турыстаў-воднікаў.

Дарэчы, гэтыя спаборніцтвы адны з самых пастаянных і працяглых па часе, яны праводзяцца з 1985 года. Нагадаем: Таццяна Брылеўская была вопытнай турысткай, актыўна супрацоўнічала з нашай газетай, тады яшчэ «Святлом камунізму». Яна, як ніхто іншы, умела коратка і ёмка напісаць пра чарговы цікавы паход, матывавала іншых далучыцца да турызму. На вялікі жаль, з-за цяжкай хваробы яна рана пайшла з жыцця. Аднак сябры берагуць памяць аб ёй, аб чым сведчаць і мінулыя спаборніцтвы.

Як расказвае галоўны суддзя, іх праграма была разнастайнай. Каманды спаборнічалі ў слаламе на катамаранах, байдарках, каяках (у двух апошніх відах былі як мужчынскія, так і змешаныя экіпажы). Акрамя таго, праводзіліся іспыты па выратавальных работах, якія, дарэчы, не заўсёды ўключаюцца ў праграму нават абласных аналагічных спаборніцтваў. Між тым, для турыстаў-воднікаў вельмі важна валодаць навыкамі выратавання, бо сітуацыі могуць здарыцца розныя, асабліва ў час сплаву па горных рэках Карэліі, Каўказа.

Нікога не пакінула раўнадушным пераадольванне гумарыстычнай паласы перашкод, дзе ўдзельнікі ўмудраліся грэбсці, седзячы ў байдарцы «задам наперад», вяслом ад байдаркі ганялі футбольны мяч альбо напаўнялі вадой бутэльку, якая стаяла на вясле. Адным словам, пачуцця гумару і крэатыўнасці нашым турыстам не пазычаць…

Па выніках двух дзён спаборніцтваў першае месца заняла каманда «Жалязяка» (капітан Дзмітрый Пятроўскі), другое -- «Цюлені (капітан Віктар Рупец), трэцяе -- «Вадахлёбы» (капітан Марыя Рубацкая).

Дарэчы, пераможцы разам з дыпломам атрымалі кубкі з лагатыпам «Маладзечанскай газеты», якая выступіла адным са спонсараў спаборніцтваў.

-- Хачу падзякаваць усім, хто пасадзейнічаў у правядзенні спаборніцтваў, а асабліва нашым вопытным турыстам, якія дапамаглі пабудаваць трасу праз Вілію, навесіць водныя вароты. Гэта Раман Цівуновіч, Юрый Рубацкі, Аляксей Шлойда, Віктар Рупец, Дзмітрый Пятроўскі, -- адзначае Сяргей Бялкоў.

Дарэчы, гэтым летам тры групы маладзечанскіх турыстаў-воднікаў сплаўляліся па рэках Беларусі і Карэліі. Так што аматарам актыўнага адпачынку было чым падзяліцца, аб чым расказаць на беразе Віліі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Сяргея БЯЛКОВА.