Новости Молодечно и Молодечненского района

Рака, якая дагаджае людзям

  • 2024-03-14 05:07:19
  • Алег Бяганскі

Мясцовы краязнавец Мікалай Тамашэўскі збіраў краязнаўчы матэрыял, які тычыцца населеных пунктаў раёна.
– Гісторыя Маркава вельмі цікавая, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – Турысты павінны ацаніць многія факты і паданні, звязаныя з паселішчам. Так, праз населены пункт працякае невялічкая стромкая рэчка Гадзея. Назву ёй у старажытныя часы далі славяне. А звязана яна з чысцінёй вады. Вада была чыстая, смачная, прыгодная для ўжывання. Рэчка дагаджала мясцовым жыхарам.

Трэба сказаць і аб зручнай лагістыцы. Маркава размясцілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. З-за гэтага паселішча багацела. Аднак і гістарычныя нягоды не абыходзілі яго. Праз Маркава ў 1812 годзе адступала з глыбіні Расіі армія Напалеона. Ёсць падставы лічыць, што багацці, нарабаваныя французамі ў Маскве, схаваныя недалёка ад населенага пункта. На Гадзеі быў пабудаваны і працаваў вадзяны млын. А з сажалкай звязана трагічная гісторыя, якая прымусіла маркаўскага пана пакінуць гэту мясцовасць. У вадаёме патанулі яго дочкі. У Першую сусветную вайну ля Маркава размяшчаўся ваенна-палявы шпіталь. Недалёка адбылося адно з першых братанняў рускіх і нямецкіх салдат на полі бою.

Мікалай Тамашэўскі падкрэсліў, што ўсё гэта толькі невялікая частка інфармацыі, звязанай з мясцовасцю.

Ад сябе дадам, што калі наша гісторыя не цікавая нам самім, яна не зацікавіць нікога. Таму менавіта ад нас залежыць захаванне гістарычнай памяці і спадчыны. У Маркаве такая работа вядзецца, і яна мае станоўчыя вынікі.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО