Новости Молодечно и Молодечненского района

Повязынь звязала час і лёсы

  • 2024-10-06 09:12:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Вёска Повязынь, як і іншыя населеныя пункты Маладзечаншчыны, вызначае непаўторны каларыт нашага раёна. Яе гісторыя багатая на падзеі, а людзі, што жывуць тут, уносяць свой уклад у захаванне гістарычнай спадчыны, берагуць мінулае, будуюць заўтрашні дзень.

Гісторыя ў адной асобе

Расказаў пра жыццё Повязыні стараста вёскі Вячаслаў Рабушка. Вячаслаў Васільевіч – карэнны жыхар. Вярнуўся сюды пасля службы (наш субяседнік – кадравы афіцэр, закончыў Харкаўскае спецыяльнае вучылішча МУС СССР). Старастам ён з’яўляецца больш за чвэрць стагоддзя.

– Нарадзіўся я ў сялянскай сям’і, – гаворыць субяседнік. – Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мой бацька ў 1944 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію. Ён загінуў на фронце. Маці працавала ў мясцовай гаспадарцы. Заробкі былі сімвалічныя. Жылі бедна. Увогуле, пасляваенная вёска кардынальна адрознівалася ад сучаснай. Дахі дамоў пакрываліся саломай. Праз населены пункт вяла вузкая брукаваная дарога. Яе шырыня дазваляла толькі вазу праехаць.

Карэнныя пераўтварэнні пачаліся з пачаткам будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Тады вёска пачала добраўпарадкоўвацца. Дарога была заасфальтавана. Недалёка ад населенага пункта пабудавалі канал. Камфорт і ўмовы пражывання значна палепшыліся.

– Сваю Повязынь ні на што не прамяняю, – адзначыў Вячаслаў Рабушка. – Вёска мне вельмі падабаецца. Людзі ў нас жывуць дружна. Свае падворкі ўтрымліваюць у парадку. Я і сам люблю кветкі, даглядаю іх.

Навасёлы са сталіцы

Стараста паведаміў, што зімой у Повязыні жыве чалавек сорак. У цёплую пару года насельніцтва павялічваецца разы ў тры. Прыязджаюць дачнікі, пажылых бацькоў наведваюць дзеці і ўнукі. У вёску ў апошнія гады пераехалі некалькі сем’яў са сталіцы. Людзі жывуць у сваіх дамах, а на работу ездзяць у Мінск.

Увогуле, вёска вызначаецца зручнай лагістыкай. Праз Вязынку можна трапіць да чыгуначнага прыпынку электрычак. З Радашковічамі населены пункт злучаюць аўтобусныя маршруты.

Вёску рэгулярна наведвае аўтакрама. Па пятніцах прадпрымальнік прапануе на выбар каля трох дзясяткаў відаў рыбы. Заслужаным аўтарытэтам сярод вяскоўцаў карыстаецца фермер Уладзімір Закрэўскі. Ён заўсёды прыходзіць людзям на дапамогу. На наступны год у Повязыні запланавана ўстаноўка новай электрычнай падстанцыі. Дзякуючы гэтаму вяскоўцы змогуць перайсці на электрычнае ацяпленне сваіх дамоў.

– Прырода ў наваколлі проста казачная, – дадаў Вячаслаў Васільевіч. – У лясах шмат грыбоў, мясцовыя вадаёмы багатыя рыбай. Ля вёскі працякае рэчка Вязынка. Пачынаецца яна на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка. Вада ў ёй крынічная, не замярзае нават у моцныя маразы.

Раней – дзяржаўная граніца, цяпер – месца для адпачынку

Рэчка Вязынка стромка нясе свае воды. Яе маляўнічыя берагі настройваюць на лірычны лад. Мясцовыя жыхары любяць тут адпачываць. Але так было не заўсёды. Да верасня 1939 года па вадацёку праходзіла граніца паміж Польшчай і БССР. Вёска Повязынь была на польскім баку.

Пра тыя часы расказала Леакадзія Патаповіч. Яна нарадзілася ў Повязыні, працавала ў мясцовай гаспадарцы, потым у паштовым аддзяленні. Да выхаду на пенсію на Мінскім трактарным заводзе была занятая на гальванічнай вытворчасці. Падворак жанчыны якраз прымыкае да рачулкі.

– У польскія часы ўздоўж рэчкі на дрэвах быў замацаваны калючы дрот, – расказвае Леакадзія Канстанцінаўна. – Граніца пільна ахоўвалася. Наша сям’я жыла ў пастаянным жаху. Калі граніцы не стала, усе адчулі палёгку.

Вячаслаў Рабушка дадаў, што да ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі на высокім узгорку ля вёскі існавала польская «стражніца» (пагранічная застава). Від з яе адкрываўся аж да Радашковічаў. Пагранічнікі выкапалі калодзеж на 112 кольцаў! Потым іх выкарыстоўвалі мясцовыя жыхары для сваіх калодзежаў.

Пра Вялікую Айчынную вайну ў Леакадзіі Патаповіч захаваліся цяжкія ўспаміны. Усіх вяскоўцаў акупанты выселілі з дамоў. Жылі людзі ў зямлянках... А яшчэ пастаянны шум: па населеным пункце кожныя дзень і ноч ездзілі машыны. Жыхары Повязыні шчыра віталі вызваленне ад акупантаў.

Пра сучаснае жыццё вёскі і яе адметнасці расказала яшчэ адна старажыл, Зоя Рабушка. У Повязынь яна пераехала паўвека таму. Працавала ў трыкатажным атэлье ў Радашковічах.

– Вёска надзвычай прыгожая, а людзі ў ёй шчырыя, – падзялілася думкамі Зоя Міхайлаўна. – Жыхары тут інтэлігентныя, працавітыя. Дбаюць пра чысціню і парадак. Лепшых суседзяў не знайсці!
Пасля знаёмства з людзьмі мы цалкам пагаджаемся з гэтай высновай.

Мясцовы калейдаскоп

Повязынь знаходзіцца побач з гарадскім пасёлкам Радашковічы. Да Вязынкі, ля якой размешчаны мемарыяльны Купалаўскі запаведнік, адсюль кіламетраў пяць. Праз населены пункт праходзяць шматлікія турыстычныя маршруты.

Населены пункт вядомы з XVI стагоддзя як сяло ў складзе маёнтка Дзякшняны ў Мінскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Найбольшая колькасць жыхароў – 304 – была зафіксавана тут у 1938 годзе.

Повязынь – малая радзіма доктара медыцынскіх навук, прафесара Пятра Казюковіча, урача-ўролага Міхаіла Дзямідчыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аляксандра Патаповіча, сыноў вядомага камбрыга Аляксандра Раманава Вячаслава і Анатолія.

У раёне населенага пункта ёсць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Рэчка Вязынка ўяўляе сабой гідралагічны заказнік мясцовага значэння.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ