Новости Молодечно и Молодечненского района

Паміж Маладзечнам і Мінскам знаходзіцца Янава крынічка

  • 2023-05-04 06:23:34
  • Алег Бяганскі

Калі будзеце ля крыніцы, звярніце ўвагу, што ў яе некалькі вусцяў. Два з іх добраўпарадкаваныя. Вада таксама прасочваецца на дзённую паверхню ў забалочаных участках, дзе мясцовыя жыхары стварылі сажалкі. Нованароджаныя крынічныя ручаі бяруць пачатак на схіле надпоймавай тэрасы рэчкі Гуйкі.

Як правіла, крыніцы не замярзаюць у самы люты мароз. Вада ў іх застаецца прахалоднай нават у спякотнае надвор’е. Гэта ўласцівасць паспрыяла таму, што крыніцы заўсёды зберагалі, ля іх будаваліся капліцы, цэрквы і манастыры. Нездарма месца натуральнага выхаду падземнай вады названа ў гонар аднаго з найбольш шануемых хрысціянскіх святых.

Традыцыя зберагання крыніц у нашай краіне працягваецца. Так, крыніца ля вёскі Рогава аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Каб зменшыць антрапагенную нагрузку і захаваць папулярны аб’ект, для аўтатранспарту зроблена паркоўка. Тэрыторыя агароджана. Ад наведвальнікаў патрабуецца толькі не пакідаць тут смецце. Памятайце гэта, захоўвайце прыродную спадчыну.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.