Новости Молодечно и Молодечненского района

Надпісы выдатна захаваліся

  • 2023-04-14 06:18:09
  • Алег Бяганскі

Цікава было наведаць старыя яўрэйскія могілкі ў аграгарадку Лебедзева. Знаходзяцца яны на поўдзень ад населенага пункта. Вядзе ў бок пахаванняў вуліца Зарэчная. Размешчаны могілкі на пакатым узгорку, з якога адкрываецца прыгожы від на наваколле.

Адметнасць гэтых пахаванняў у тым, што надпісы на некаторых з іх выдатна захаваліся. Звычайна за многія дзесяцігоддзі літары паглынае мох, камяні разбураюцца. Тут жа склаліся спецыфічныя ўмовы -- грунтавыя воды залягаюць глыбока, дрэнаж глебы добры, вільгаць пасля дажджоў хутка выпараецца. У выніку словы і сказы добра чытаюцца. Хто ведае іўрыт, можа шмат даведацца з надпісаў.

Выкажу меркаванне, што старыя яўрэйскія могілкі ў былых мястэчках з’яўляюцца каштоўным матэрыяльным напамінам пра мінулае нашай малой радзімы. Гэта адна са шматлікіх крыніц і сімвалаў гістарычнай памяці, на якую абапіраецца беларуская ідэнтычнасць.

P.S. У гады вайны жыццё яўрэйскай абшчыны Лебедзева абарваў халакост. На месцы, дзе гітлераўцы знішчылі савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, быў устаноўлены помнік.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.