Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечанцы натхніліся Гродзеншчынай

  • 2024-03-03 09:14:15

Вялiкую падрыхтоўчую работу правяла лектар-валанцёр краязнавец Галiна Дрокiна, якая за месяц да гэтага пазнаёмiла слухачоў унiверсiтэта з матэрыялам па тэме «Гродзеншчына – край багатай гiсторыi i культуры, развiтай вытворчасцi».

На працягу ўсяго шляху даўжынёй у 250 кіламетраў ветэраны назіралі змену ўжо вясенніх беларускіх ландшафтаў і слухалі інфармацыю аб населеных пунктах уздоўж дарогі Маладзечна – Валожын і паабапал сучаснай аўтамагістралі М6, аб асаблівасцях іх гістарычнага развіцця, архітэктурных помніках, знакамітых асобах.

Напрыклад, яны даведаліся, што ў Аборку нарадзіўся асабісты сакратар М.К. Агінскага Леанард Ходзька, ад мясцовага касцёла быў у захапленні сам Генрых Сянкевіч, а на мясцовых могілках пахаваны контр-адмірал Расійскага флоту ўраджэнец нашага краю Ян Канаржэўскі. Паміж вёскамі Палачаны і Літва ветэраны ўбачылі месца, дзе быў знойдзены вялікі скарб, у тым ліку славуты пояс Вітаўта.

Горад Валожын запомніўся трагічнай старонкай гісторыі валожынскіх яўрэяў і Валожынскай іешывы – вышэйшай іўдзейскай рэлігійнай навучальнай установы, першай на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а таксама таленавітымі і неардынарнымі прадстаўнікамі арыстакратычнага роду Тышкевічаў.

Далей шлях пралягаў праз самы вялікі лясны масіў Беларусі – Налібоцкую пушчу. Якая ж у яе цікавая гісторыя! Колькі таямніц яна хавае! А якая ў яе будучыня?! Рэканструкцыя плейстацэнавай мегафаўны!

Іўе, Навагрудак, Ліда, Шчучын, Скідзель – усе гэтыя гарады хаця і знаходзіліся ўдалечыні ад дарогі, не засталіся па-за ўвагай нашых падарожнікаў.

Найбольш, вядома, уразіла старажытнае Гродна – Гарадзень на Нёмане. Гэты ўнікальны горад мае не адзін, а нават два замкі. Адзін з іх – Стары (на самай справе самы новы пасля рэстаўрацыі) група наведала з экскурсіяй.
У час агляднай экскурсіі па Гродне маладзечанцы праехалі па старадаўніх вуліцах горада, убачылі сімвал абласнога цэнтра – будынак у выглядзе перавернутай кароны Гродзенскага драматычнага тэатра, пажарную вежу. I нават сталi сведкамi цудоўнай новай традыцыi, калi роўна у 12 гадзiн на вежу паднімаецца трубач i выконвае музычны урывак. Вельмі ўразiлi ўсіх дзве галоўныя святынi: Барысаглебская царква i Фарны касцёл.


І на развітанне з горадам ветэраны мелі магчымасць самастойна пагуляць: прайсціся па гістарычнай вуліцы Замкавай, па пешаходнай турыстычнай Савецкай, па былой Рыначнай плошчы, набыць сувеніры.

На зваротным шляху падзяліліся ўражаннямі. Усе засталiся ў захапленнi ад убачанага i пачутага, дзякавалi арганiзатарам падарожжа за магчымасць пазнаваць i яшчэ больш цанiць, любiць свой край, сваю Радзiму.

Раённы савет ветэранаў