Будзеце ехаць па чыгунцы -- звярніце ўвагу на архітэктуру вакзала станцыі Ашмяны. Будынак строгі і адначасова прыгожы. Дэкаратыўныя элементы тактоўныя. Пасля праведзенай рэканструкцыі захаваны асаблівасці стылю канца XIХ -- пачатку XX стагоддзя, калі вакзал быў узведзены. Дарэчы, рух на ўчастку Мінск -- Вільня адкрыўся ў 1873 годзе.
Нагадаем, што чыгунка ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання была інавацыйны відам транспарту. Яна рухала развіццё эканомікі, мяняла лад жыцця насельніцтва. Вакзалы разглядаліся як вітрыны дасягнення народнай гаспадаркі, падкрэслівалі прэстыж дзяржавы. Таму над іх архітэктурай працавалі выдатныя спецыялісты.
Вакзал невялікай станцыі Ашмяны не мог разлічваць на «залаты дождж». Аб’ём абслугоўвання грузаў і пасажыраў тут зусім не сталічны. Аднак архітэктары і будаўнікі ўвасобілі ў жыццё дабротны праект. Знешне вакзал падобны на аднапавярховы палац у псеўдарускім стылі.
За некалькіх дзясяткаў метраў ад яго ў бок Маладзечна можна ўбачыць цаглянае збудаванне незвычайнай формы. Гэта былая лядоўня. Тут пры нізкай тэмпературы сярод блокаў лёду захоўваліся прадукты. Такая тэхналогія вядомая на нашых землях многія стагоддзі. Пэўны час яна знаходзіла прымяненне і на чыгунцы.
Звычайна падарожнікі звяртаюць мала ўвагі на станцыйныя будынкі, якія праносяцца за вокнамі цягніка. Чытаюць хіба назву населенага пункта на вакзале. Між тым кожная станцыя мае сваю гісторыю. Тут можна ўбачыць шмат незвычайнага. Трэба толькі быць дапытлівым і шанаваць сваю гісторыю.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.