Новости Молодечно и Молодечненского района

Край, цікавы для турыстаў

  • 2024-08-24 09:00:00

Пра славутасці Радашковічаў і іх ваколіц вядома многа. Месца гэта даўно стала прыцягальным сярод турыстаў. Размешчаны населены пункт на трасе Мінск – Маладзечна, і яго інфраструктура спрыяльная для набыцця цікавых ведаў і станоўчых эмоцый.

На гэта звярнула ўвагу спецыяліст Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Маладзечанскага раёна Лізавета Быкава.

– У Радашковічах кожны турыст знойдзе тое, што яму цікава, – зазначыла субяседніца. – Тут можна акунуцца ў гісторыю, пакаштаваць смачных страў беларускай нацыянальнай кухні, успомніць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дакрануцца да духоўных вытокаў, падтрымаць здароўе, адпачыць, палюбавацца прыродай, весела і з карысцю правесці час.

Так, прыхільнікі здаровага ладу жыцця могуць скарыстаць паслугі санаторыя «Сасновы бор», аздараўленчага комплексу «Гарызонт», спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна». Аматары творчасці Янкі Купалы з задавальненнем наведаюць літаратурна-мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Як гліна пераўтвараецца ў сапраўдныя шэдэўры, пакажуць у музеі ААТ «Белмастацкераміка».

– Асобны перспектыўны напрамак абслугоўвання турыстаў – аграэкатурызм, – паведаміла Лізавета. – І патэнцыял Радашковічаў і іх ваколіц эфектыўна выкарыстоўваецца. Прайшлі акрэдытацыю і прымаюць гасцей сем аграсядзіб на тэрыторыі пасёлка і сельсавета.

Спецыяліст акцэнтавала, што турыстычныя аб’екты ў Радашковічах і бліжэйшых населеных пунктах даюць магчымасць для адпачынку ў сямейным фармаце.

– Мэта інфацэнтра – папулярызацыя Маладзечанскага раёна, яго культурнай, гістарычнай і прыроднай спадчыны, – падкрэсліла субяседніца. – Гэта будзе садзейнічаць далейшаму развіццю турыстычнай інфраструктуры, прыцягненню ў раён дадатковых рэсурсаў, павышэнню ўзроўню даходаў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, занятых абслугоўваннем гасцей.

Алег БЯГАНСКІ