Новости Молодечно и Молодечненского района

Касцёл на фоне залатой восені

  • 2024-10-27 15:59:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Калі з’яўляецца вольны час, мы з жонкай любім наведваць Беніцу. Дарога да вёскі добрая, наваколле прыгожае. А мэта кожнага падарожжа – касцёл Найсвяцейшай Тройцы – уражвае ў любую пару года і ў любое надвор’е.

Так было і ў мінулую суботу. У разгар залатой восені ў запасе ў падарожнікаў усяго некалькі дзён, калі прырода паказвае сябе максімальна маляўніча. У сонечны дзень ніяк нельга ўпусціць магчымасць убачыць храм у залатым атачэнні. І вось мы стаім ля магутных сцен.

Прыемна, што літаральна праз колькі хвілін ля касцёла спынілася машына з мінскімі нумарамі. Выйшла з яе маладая сям’я. Прычына адправіцца ў падарожжа ў жыхароў сталіцы была такая ж, як і ў нас. Толькі шлях яны пераадолелі значна большы.

– Наша хобі – «калекцыяніраваць» старыя цэрквы і касцёлы, – паведаміў новы знаёмы Раман Фралоў. – Мы пабывалі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Сярод храмаў, што найбольш уразілі, – касцёл у Мсціславе (Магілёўская вобласць). Там яшчэ створаны музей на базе археалагічных раскопак. Запомніліся і вельмі маляўнічыя драўляныя цэрквы на Палессі.

Субяседнік адзначыў, што інфармацыю пра аб’екты, якія цікава наведаць, яны з жонкай шукаюць у інтэрнэце. На Беніцу «натрапілі», калі ў Сеціве з’явілася інфармацыя пра свята ў гэтай вёсцы. Найбольш запомніўся феерверк на фоне касцёла. Цяпер храм быў на фоне «феерверку» з чырвонага і жоўтага лісця дрэў.

Вельмі прыемна, што моладзь цікавіцца славутасцямі Беларусі. Гэта яшчэ і карысна. Маладыя людзі больш мабільныя, для іх не праблема пераадолець пару соцень кіламетраў. Яны адкрытыя да ўсяго новага. Калі іх цікавіць гісторыя роднага краю, а не «квадробінг» ці нешта іншае незразумелае для звычайнага чалавека, такі падыход можна толькі вітаць.

І зноў вернемся да Беніцы. Калі пакінуць убаку архітэктурныя і рэлігійныя традыцыі, такія пабудовы, як касцёл Найсвяцейшай Тройцы, сведчаць пра эканамічнае развіццё краю ў мінулыя вякі. Будаўніцтва патрабавала вялікіх укладанняў. Калі яны былі, узводзіліся велічныя і прыгожыя будынкі. Значыць, зямля наша заўсёды была багатая.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ