Арабскі пакой -- адзіны ў краіне
Гэта сядзіба, падобная на замак з дзіцячых казак ці сноў, унікальная найперш сваёй аўтэнтычнасцю. Яе захаванасць складае 70 працэнтаў. Сцены з чырвонай цэглы, мансардныя дахі, вітражы, ляпніна, столь, паркет, плітка, ручная разьба на камінах і многае іншае засталіся такімі, якімі яны былі ў пазамінулым стагоддзі пры яго гаспадарах. У палацы было 36 пакояў, і кожны з іх аформлены ў адным з 12 архітэктурных стыляў: класічным, гатычным, раманскім, ракако, маньерызме, барока, стылі Людовіка XVI і нават адзіным у Беларусі, а магчыма, і ва ўсёй Еўропе, арабскім (маўрытанскім) з ручной разьбой па алебастры (гіпсе)... Пераходзячы з залы ў залу (мы пабывалі ў 18), нібыта перамяшчаешся ў розныя эпохі і не перастаеш здзіўляцца, як усё гэта ўцалела, нягледзячы на дзве сусветныя вайны. Магчыма, і сапраўды палац збераглі абярэгі гаргулі-хімеры, што ўпрыгожваюць яго звонку?
Пернікі Паклёўскага за 5 капеек
Як расказала нам экскурсавод, палацавы ансамбль быў пабудаваны ў 1893 годзе буйным землеўладальнікам, ваенным інжынерам генерал-лейтэнантам Міхаілам Гатоўскім. Узводзіў яго вядомы прафесар архітэктуры з Санкт-Пецярбурга Віктар Шротэр. Па форме палац нагадвае літару «Г» у гонар прозвішча яго ўладальніка. Існуе легенда, што пры закладцы фундамента Міхаіл пад кожным вуглом будучага палаца закапаў залатыя манеты з заклінаннем: «Пакуль манеты будуць на месцы, з будынкам нічога не здарыцца…».
Пасля смерці Гатоўскага памесце перайшло ў спадчыну да яго дачкі Марыі, якая была замужам за купцом, уладальнікам заводаў і вінакурняў, залатых прыіскаў і медных руднікоў мецэнатам Вікенціем Козел-Паклёўскім, які і стаў гаспадаром палаца. Ён шмат падарожнічаў па свеце, рабіў эскізы будынкаў і іх унутранага ўбранства ў розных стылях, якія і ўвасобіў у сваім памесці. Паклёўскія жылі ў горадзе Таліца (цяпер Свярдлоўская вобласць) у палацы на 60 пакояў, а чырвонабярэжскі быў іх дачай, яны прыязджалі сюды ненадоўга летам. Англійскі пейзажны парк вакол палаца быў разбіты па праекце галоўнага варшаўскага садоўніка Францішака Шаніора. У комплекс уваходзілі таксама канюшня, на якой Паклёўскі вывеў сваю пароду коней, вінакурня, дзе выраблялі 80-градусны спірт, флігель, гаспадарчыя пабудовы.
Захаваліся даныя, што сяляне, якія працавалі на Паклёўскага, за 7 гадзіна работы за дзень атрымлівалі 8-15 капеек, у канцы дня ім бясплатна налівалі чарку гарэлкі і давалі буханку хлеба. На мясцовай пякарні выпякалі знакамітыя «Паклёўскія пернікі» па 1,5 кг, каштавалі яны 5 капеек. Пан лічыў, што кожная сялянская сям’я павінна мець карову, каня і 20 курэй, і на вяселлі даваў маладым пазыку для абзавядзення гаспадаркай. Калі яны пяць гадоў працавалі на пана, выплачвалі толькі 10 працэнтаў ад запазычанай сумы. А вось злодзеяў пан не любіў: прызначаў ім 39 удараў плёткай, даваў іх сям’і 40 рублёў і высяляў яе з памесця.
Мэбля -- з калекцыі Сяргея Пуціліна
Калі ўбранства пакояў захавалася, то з мэблі, калекцый карцін, посуду не засталося нічога. Між тым антыкварнай мэблі тут багата, такое адчуванне, што яна тут была заўсёды. Экскурсавод расказала, што значная яе частка належыць гомельскаму калекцыянеру Сяргею Пуціліну, які бясплатна дае яе музею. Калі што-небудзь з мэблі ў калекцыянера купляюць, ён прапануе ўзамен іншыя экзэмпляры. Акрамя таго, ёсць тут і прадметы інтэр’ера, ліквідаваныя на мытні ў тых, хто іх незаконна праводзіў.
Адных толькі старажытных люстэрак тут дзясяткі, і кожнае -- твор мастацтва. А якія дзівосныя падсвечнікі ў выглядзе маўрытанцаў у арабскай зале! З цікавасцю разглядалі мы і столік для гульні ў карты са спецыяльнымі ячэйкамі. У шыкоўнай музычнай зале, аформленай у стылі Людовіка XVI, праводзяць балі клубы гістарычных танцаў, тут праходзіць рэгістрацыя шлюбаў, пасвячэнне ў прафесію. Пабывалі мы і ў адноўленай аранжарэі, на падлозе якой выдатна захавалася плітка больш чым стогадовай даўніны. На другім паверсе знаходзяцца спальні гаспадароў і іх траіх дзяцей, у якія пры іх жыцці ўваход чужынцам быў забаронены. У сямейнай капліцы-касцёле захоўваецца рэдкая старажытная італьянская ікона «Прыбаўленне розуму».
Сельгасвучылішча, шпіталь, музей
Пасля рэвалюцыі 1917 года памесце нацыяналізавалі, у ім адкрылі сельгасвучылішча. Кажуць, яго навучэнцы на лекцыях любілі разглядаць мудрагелістыя ўзоры на столі.
Пасля рэвалюцыі гаспадары сядзібы паспелі выехаць у Польшчу. Па легендзе, частку фамільных каштоўнасцей Паклёўскі вывез у двайных падэшвах спецыяльна вырабленых чаравікаў. Былы ўладальнік залатых прыіскаў памёр у 1929 годзе ў аднапакаёвай кватэры, а спадчыннікам багатага роду давялося шукаць сабе работу.
На дзіва і ў гады Вялікай Айчыннай палац уцалеў. У ім размяшчаўся фашысцкі перасыльны дзіцячы донарскі канцлагер, пасля вызвалення гэтай тэрыторыі -- чырвонаармейскі шпіталь.
Рэстаўрацыя палаца пачалася ў 1996 годзе, завяршылася ў 2015-м. Цяпер тут знаходзіцца філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, праводзяцца экскурсіі, у некалькі залах размяшчаюцца часовыя выстаўкі.
Шлях да Чырвонага Берага з Маладзечна няблізкі -- каля 300 кіламетраў, аднак тут варта пабываць. Мне пашчасціла ўбачыць большасць палацаў Беларусі, і Чырвонабярэжскі ўразіў найбольш сваёй аўтэнтычнасцю, сапраўднасцю, атмасферай даўніны.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.