Новости Молодечно и Молодечненского района

Гомель: квецень петуній, кварцавы пясок на пляжах і 190 прыступак на старажытную вежу

  • 2023-08-22 05:09:52
  • Анжаліка Крупянькова

Кветкавыя сцены на аўтобусным прыпынку

Ні ў адным горадзе не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой не давялося бачыць аўтобусны прыпынак, у якім замест сцен вазоны з кветкамі. Першае, чым нас здзівіў Гомель, гэта велізарная колькасць кветак у цэнтры горада. Мы проста ахнулі: на плошчы імя Леніна, уздоўж вуліцы Савецкай бясконцыя жалезныя стойкі з вазонамі рознакаляровых петуній. І кожны з іх пышны, дагледжаны, а ўсе разам ствараюць гораду непаўторны шарм. Можна толькі ўявіць, якая гэта каласальная праца -- высадзіць, паліць столькі кветак…

Едучы сям’ёй у Гомель, мы намецілі сабе план больш чым з дзесяці пунктаў: дзе пабываць, што паглядзець і пакаштаваць. І нягледзячы на тое, што з намі было двое дзяцей дзесяці і няпоўных трох гадоў, за два дні мы амаль усюды паспелі. Загадзя забраніравалі на суткі двухпакаёвую кватэру ў новым мікрараёне: для пяці чалавек гэта танней, чым гасцініца. Траса з Мінска да Гомеля выдатная, у суботу яна не была перапоўненай машынамі, а на сучасных запраўках можна падсілкавацца кавай, бутэрбродамі, купіць ваду і г.д.

Найбольш спадабалася аранжарэя

Першае, куды мы адправіліся, прыпаркаваўшыся на плошчы Леніна, быў гарадскі парк з шыкоўным палацам Румянцавых і Паскевічаў, помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Палацава-паркавы ансамбль -- візітная картка Гомеля, месца, дзе турыстам абавязкова трэба пабываць. Білет у палац для дарослых каштуе 7 рублёў. За 15 рублёў можна набыць адзіны білет для наведвання ўсіх аб’ектаў комплексу. Шкада, што білет у палац -- звычайны касавы чэк. Мы адразу прыгадалі, які прыгожы ўваходны білет выдаюць у Мірскім замку (я яго нават захавала на памяць у сваім фотаальбоме). І сувеніры ў касе палаца нас не парадавалі: выбар невялікі, на выгляд нецікавыя.

Разгаварыліся, як гэта бывае, з адной з супрацоўніц музея, і яна, убачыўшы нашу зацікаўленасць, расказала пра гаспадароў палаца. Яго пабудаваў генерал-фельдмаршал князь Пётр Румянцаў у 1777-1796 гадах. За бліскучыя перамогі ў турэцкай вайне імператрыца Кацярына ІІ падарыла яму Гомель і выдзеліла грошы з дзяржаўнай казны на ўзвядзенне палаца. Свой уклад у аздабленне палаца ўнёс сын Пятра Мікалай. Але пасля яго смерці другі сын Пятра Сяргей аддаў палац у залог і прадаў казне. Яго ў 1834 годзе выкупіў князь Іван Паскевіч. Адсюль у палаца двайная назва. Ён некалькі разоў быў разбураны, у час рэвалюцыі 1919 года нацыяналізаваны. Цікава, што ў гэтым жа годзе ў ім адкрыўся мастацка-гістарычны музей, аснову экспазіцыі якога склалі прадметы ўбранства палаца. Адкрыць музей пераканала ўлады Ірына Паскевіч, нявестка князя Паскевіча, вядомая ў горадзе мецэнатка. Апошняя рэстаўрацыя музея завяршылася ў 2005 годзе. Цяпер яго шыкоўныя залы прыцягваюць турыстаў, тут праводзяцца розныя мерапрыемствы.

Пабывалі мы і ў старажытнай аранжарэі, якую стварыў князь Паскевіч у былым будынку цукровага завода. Яна вельмі атмасферная: сцены выкладзены мінераламі, а некаторыя дрэвы, як і фантан, захаваліся з XIX стагоддзя.

Падняліся мы на 40-метровую аглядную вежу, якая раней служыла трубой цукровага завода. У ёй 190 прыступак, ад пад’ёма па спіралі крыху кружыцца галава, аднак від, які адкрываецца на горад, варты таго. З-за таго, што лесвіца вузкая, унутры можа знаходзіцца не больш за пяць чалавек, чарга на пад’ём расцягваецца надоўга.

Ля велічнага сабора святых Пятра і Паўла, які таксама знаходзіцца ў парку, разгорнута экспазіцыя мініяцюр страчаных храмаў Гомельшчыны.

Па Сожы на цеплаходзе

У Гомелі няма пешаходнай вуліцы. Яе замяняе набярэжная Сожа, што расцягнулася больш чым на тры кіламетры. Пакуль ішлі да яе, любаваліся рамантычным Лебядзіным востравам, які быў створаны яшчэ ў княжацкія часы. Спадабаўся помнік першаму гамяльчаніну скульптара Вячаслава Долгава, устаноўлены ў 2006 годзе на набярэжнай непадалёк ад прычала. У цэнтры бронзавай скульптурнай кампазіцыі чалавек у лодцы. У яго нагах сядзіць рысь -- сімвал горада, які ўпрыгожвае яго герб. Згодна з легендай, у старажытнасці ў наваколлі Гомеля было шмат гэтых жывёл.

Многія турысты, і мы ў тым ліку, пакаталіся па Сожы на цеплаходзе. Цана задавальнення -- 10 рублёў, працягласць экскурсіі -- 45 хвілін. З вады адкрываюцца прыгожыя віды на пляжы Сожа з дробным і такім прыемным навобмацак кварцавым пяском. Надвор’е было спякотным, на наступны дзень мы вярнуліся сюды, перайшлі праз мост на пляж і пакупаліся ў Сожы. А дзеці ў дзень прыезду асвяжыліся ў фантане ў скверы імя Грамыкі, струмені якога б’юць прама з зямлі: то з’яўляюцца, то знікаюць. У гэтым скверы, дарэчы, размешчаны парк мініяцюр самых вядомых збудаванняў з усяго свету накшталт Вялікай Кітайскай сцяны, Эйфелевай вежы, Біг-Бэна, маскоўскага Крамля, нашай Нацыянальнай бібліятэкі, Брэсцкай крэпасці і г.д. Вечарам на іх загараецца ілюмінацыя, і яны выглядаюць больш рамантычна, чым днём.

На вуліцы Пушкіна мы зайшлі ў музей крыміналістыкі, дзе можна сфатаграфавацца ля рарытэтнага міліцэйскага матацыкла «Урал» з каляскай, убачыць форму ахоўнікаў правапарадку ў розныя часы, набор адмычак, якімі арудавалі злодзеі, падробленыя дакументы і грашовыя знакі і многае іншае.

Не абышлі і фірменны магазін кандытарскай фабрыкі «Спартак», купілі розных прысмакаў у якасці прэзентаў з Гомеля. Праўда, большасць з іх можна купіць і ў нашым горадзе.

А падсілкавацца ў цэнтры лепш на вуліцы Савецкай у народным рэстаране «Бацькі» (менавіта такая назва на шыльдзе). Тут дзейнічае сістэма самаабслугоўвання, стравы смачныя і разнастайныя, цэны памяркоўныя, а пасадачных месцаў вельмі шмат.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

Згодна з легендай назва горада паходзіць ад выкрыкаў: «Го! Мель!», якімі сплаўшчыкі лесу па Сожы папярэджвалі адзін аднаго.
Упершыню Гомель упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе ад 1142 года.

Набярэжная ракі Сож у Гомелі самая доўгая ў Беларусі, яе працягласць -- больш за тры кіламетры.

Гомель з’яўляецца другім пасля Мінска горадам Беларусі па колькасці насельніцтва. Тут жыве больш за 503 тысячы жыхароў.

20 жніўня 1964 года на Гомельшчыне, ля вёскі Капораўка пад Рэчыцай, з глыбіні звыш 2000 метраў забіў першы ў Беларусі нафтавы фантан.

Гомельшчына першай у краіне сустракае світанак, бо знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі, і тут раней за ўсё ўстае сонца.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.