Новости Молодечно и Молодечненского района

Даведаліся, што такое «макатка», слухалі арган у Сафійскім саборы, пабывалі на радзіме Рыгора Барадуліна

  • 2023-08-31 05:44:04
  • Анжаліка Крупянькова

-- Нас сабралася 12 чалавек, большасць маладзечанцаў, але былі і мінчане, барысаўчане. Сярэдні ўзрост удзельнікаў -- 65 гадоў, -- расказвае кіраўнік паходу інструктар-метадыст па турызме ДУ «ФСК «Агеньчык» Сяргей Бялкоў. -- Цікава, што ў Глыбокім да нас у групу папрасілася мясцовая жыхарка і праездзіла з намі тры дні да заканчэння паходу. Сказала, што даўно марыла аб гэтым, ды не было кампаніі. І засталася вельмі задаволенай. Гэта яшчэ раз пацвярджае: далучыцца да турызму, як веласіпеднага, так і пешага, ніколі не позна…

У цэнтры Полацка -- веладарожка

Пачаўся паход у старажытным Полацку. Турысты загадзя заказалі білеты на канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскім саборы. Спадабалася ім і экскурсія па Полацкім універсітэце, былым езуіцкім калегіуме, створаным у XVI стагоддзі. Не абышлося без дыялогу са знакамітай механічнай галавой, якая адказвае на самыя разнастайныя пытанні. Нашы дапытлівыя турысты задавалі іх на беларускай, рускай, англійскай мовах і атрымалі адказы.

-- Нам вельмі спадабалася, што ў цэнтры Полацка, на праспекце Францыска Скарыны, пракладзена кругавая веласіпедная дарожка, па якой мы з задавальненнем праехалі. І на ўскрайку горада таксама ёсць веладарожкі, -- расказвае кіраўнік паходу.

Празрыстасць возера -- 13 метраў

Пабывалі вандроўнікі на ўнікальным возеры Крывое, што знаходзіцца ў рэспубліканскім гідралагічным заказніку на Ушаччыне. Празрыстасць яго вады складае 13 метраў! Тут турыстаў застала бура, моцны лівень ішоў больш за чатыры гадзіны. Наогул, былі дні, калі яны раніцай купаліся ў адным возеры, у поўдзень -- у другім, а вечарам на стаянку спыняліся на беразе трэцяга. Кожнае ўражвала сваёй прыгажосцю, а некаторыя -- і звязанымі з імі гісторыямі.

Напрыклад, возера Вечалле. У гады вайны суровай зімой 1944 года яно служыла аэрадромам для савецкіх лётчыкаў, якія вывезлі ў тыл больш за 200 дзяцей Полацкага дома-інтэрната. Фашысты хацелі іх ператварыць у донараў ці наогул знішчыць. Аперацыя па выратаванні насіла назву «Зорачка», аб ёй ёсць нямала інфармацыі ў інтэрнэце. Як і пра гераічнага дырэктара дзіцячага дома Міхаіла Фарынку, а таксама лётчыка Аляксандра Мамкіна, які цаной уласнага жыцця змог пасадзіць падбіты самалёт з маленькімі пасажырамі.

І яшчэ з адной гераічнай старонкай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пазнаёміліся маладзечанцы пад Полацкам. Яны ўключылі ў свой маршрут Поле геройскай славы ля вёскі Гомель (не блытаць з абласным цэнтрам!). Доты часоў вайны, стальныя турэлі, на якія мацаваліся кулямёты, нагадваюць аб подзвігу байцоў 174-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Аляксея Зыгіна, якія ажно да 17 ліпеня 1944 года ўтрымлівалі абарону Полацка.

У раённым цэнтры Ушачы велатурысты пабывалі ля роднай хаты народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Яны ўдзячныя мясцовым бібліятэкарам, якія без папярэдняй дамоўленасці правялі для іх экскурсію, расказалі шмат цікавых фактаў з жыцця паэта, які пахаваны на мясцовых старых могілках побач са сваёй маці.

Дываны ў стылі Язэпа Драздовіча

На кожным этапе свайго шляху маладзечанцы не толькі знаёміліся з помнікамі гісторыі, прыроды, але і з цікавымі людзьмі. У райцэнтры Глыбокае для іх правяла майстар-клас народны майстар Беларусі Святлана Скавырка, якая стварае распісныя дываны-маляванкі ў стылі Язэпа Драздовіча. Асабліва ўразілі нашых турыстаў вертыкальныя дыванкі, якія вешаліся ў хатах паміж вокнамі. Такі дыван носіць назву «макатка».

На Глыбоччыне рады былі сустрэцца, ужо не першы раз, з маскоўскім клоунам Нікаля, які выкупіў старажытны вадзяны млын і будынак мясцовай школы ў вёсцы Зябкі.

У гарпасёлку Варапаева Пастаўскага раёна вандроўнікі пабывалі ў гасцях у майстра па лозапляценні Аляксандра Юшкевіча, які стварае кошыкі, падносы, вазы для фруктаў і многія іншыя рэчы. У гэтым жа населеным пункце сястра адной з нашых турыстак пачаставала самапечаным хлебам.

Апошнім прыпынкам велапаходу па традыцыі стаў родны дом Сяргея Бялкова ў вёсцы Стары Двор на Пастаўшчыне. Шанаваць, любіць сваё, роднае, з павагай ставіцца да гісторыі Беларусі, уласным прыкладам прапагандаваць здаровы лад жыцця -- такое жыццёвае крэда ў нашых ветэранаў спорту і турызму.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксандр РУСАК.