Слухачы народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце», група ветэранскага актыву раёна пабывалі ў Брэсце. І не толькі. Маршрут на два дні распрацоўваўся карпатліва і падрабязна.
У першы дзень, пераадолеўшы 300-кіламетровую адлегласць, мы наведалі дзве славутыя турыстычныя мясціны Брэстчыны: Ружаны і Косава. Уразілі экскурсіі ў музеі родавай рэзідэнцыі Сапегаў, неагатычнага палаца Пуслоўскіх, музей Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Гэта наша гісторыя, гісторыя дасягненняў, заняпаду і аднаўлення.
Уражанняў хапіла б на ўвесь дзень, але вечарам нас чакаў Брэст з яго славутым ліхтаршчыкам, пешаходнай вуліцай Савецкай, бульварам Гогаля, помнікам 1000-годдзю горада. І нават нечаканы моцны лівень не сапсаваў атмасферу вячэрняга турыстычнага Брэста.
На другі дзень мы накіраваліся ў легендарную Брэсцкую крэпасць, дзе наведалі музей абароны. Уважліва і засяроджана слухалі маладзечанцы аповед экскурсавода аб мужнасці і трагедыі абаронцаў крэпасці. Усе, хто прайшоў па яе тэрыторыі, разумелі, што кожны кавалачак зямлі, кожны каменьчык – сведка гераізму, найвышэйшага патрыятызму нашых бацькоў. Асаблівай гэта паездка стала для Іны Голуб, у якой на гарнізонных могілках пахаваны бацька Сцяпан Канавалаў – лётчык, які прапаў без вестак у снежні 1944-га. Толькі ў 1975 годзе пры правядзенні пошукавых работ на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці сям’я даведалася, дзе ён загінуў.
Няпоўным было б знаёмства з Брэстчынай без наведвання яшчэ двух сімвалаў Беларусі: Белавежскай пушчы і Камянецкай вежы. Спачатку мы аб’ехалі пушчу на сваім аўтобусе па вызначаным турыстычным маршруце. Усе былі ў захапленні ад неверагоднай прыгажосці векапомнага старадаўняга лесу, ад дуба-волата, магутных зуброў, грацыёзных казуль. З добрым настроем гасцявалі ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза і нават атрымалі ад яго падарункі.
На зваротным шляху наведалі славутую Камянецкую вежу, пачулі яе гісторыю, на свае вочы ўбачылі веліч і памеры, пераканаліся ў яе ўнікальнасці. З усіх старадаўніх вежаў валынскага тыпу да нашых дзён захавалася толькі яна.
Увесь час па дарозе дамоў нас не пакідала захапленне ад убачанага і пачутага, ад перажытых эмоцый, пачуцця гонару за родную краіну.
Тэкст і фота: раённы савет ветэранаў