Па свайму размаху і багацці ў XIX-XX стагоддзях ён зацьмяваў нават Нясвіжскі палац Радзівілаў. Між тым пакуль пра яго ведае далёка не кожны з нашых суайчыннікаў.
Хто такі Ігнацій Булгак?
Да майго сораму, пра гэту жамчужыну архітэктуры я таксама мала што ведала, хаця назва Жылічы была на слыху. Тым больш мяне ўразіў 200-гадовы палац Булгакаў (націск на першым складзе) – яркі ўзор позняга класіцызму, які перажыў дзве сусветныя вайны і на дзіва выдатна захаваўся. Ён вельмі вялікі, пабудаваны ў выглядзе літары П, галоўны ўваход упрыгожвае корцік з шасцю магутнымі калонамі.
Цікава было пачуць ад экскурсавода гісторыю гаспадароў палаца. Узвёў яго на рацэ Дабосна (правы прыток Дняпра) прадстаўнік знатнага і вядомага з XV стагоддзя роду, прадвадзіцель дваранства Бабруйскага павета Ігнацій Булгак. Ён быў буйным землеўладальнікам, прагрэсіўным дзяржаўным дзеячам, які развіваў адукацыю і нават аддаў адзін са сваіх будынкаў у Бабруйску пад школу. Згодна з легендай, будучы афіцэрам рускай арміі, у час вайны з Напалеонам Ігнацій дайшоў да Парыжа, быў уражаны яго палацамі і вырашыў стварыць на радзіме свой Версаль. Будаўніцтва пачалося 200 год таму ў 1823-25 гадах, і не было завершана пры жыцці Ігнація. Цікава, што аўтарам праекта быў сын прыдворнага архітэктара Радзівілаў прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Карл Падчашынскі. У галоўным корпусе палаца змяшчалася 130 пакояў, агульная плошча якіх – каля 4 тысяч квадратных метраў. Побач з палацам раскінуўся парк на 20 гектараў.
Булгакі жылі ў палацы ў агульнай складанасці каля 100 гадоў. Тут нарадзіліся і выраслі дзевяць дзяцей Ігнація ад двух шлюбаў. Яго першая жонка Ізабэла, маці двух старэйшых дзяцей, у 24 гады памерла ад тыфу. Казалі, што Ігнацій яе вельмі любіў, загадаў упрыгожыць музычны салон яе барэльефам (і мы яго ўбачылі). Ігнацій жаніўся на роднай сястры Ізабэлы Тэрэзе, якая яму нарадзіла чатырох сыноў і тры дачкі. Пасля смерці гаспадара палац перайшоў да яго малодшага сына Эдгара, які затым прадаў яго пляменніку Эмануілу Булгаку. Пасля рэвалюцыі Булгакі выехалі ў Польшчу, калекцыі карцін (тры з іх былі з пячацямі Эрмітажа) і антычных скульптур перадалі музеям.
Здымалі па дзесяць слаёў фарбы
Пасля рэвалюцыі ў палацы размясціўся дзіцячы дом, у 1930-я гады — заатэхнічны тэхнікум. У Вялікую Айчынную вайну фашысты занялі яго пад шпіталь, разабралі на цэглу аранжарэю, а ў парку хавалі загінуўшых (у савецкі час іх перазахавалі). Пасля вайны тут была агранамічная школа, з 1973 года – музей і музычная школа. Тады і пачалася частковая рэстаўрацыя, але яна была прыпынена на доўгі час. Новы віток пачаўся ў 2009 годзе, калі палацавы ансамбль у Жылічах быў уключаны ў лік аб’ектаў, рэстаўрацыя якіх фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту.
Маштаб праведзеных работ не можа не ўражваць. Ніводны з пакояў, залаў не падобны на іншыя. Экскурсавод расказала, што пры рэстаўрацыі вельмі дапамаглі фотаздымкі пакояў палаца, зробленыя сваяком гаспадароў — заснавальнікам польскай фатаграфіі, а тады пачынаючым фатографам Янам Булгакам. Здымкі датаваны 1914 годам. Цікава, што на адным з іх — люстэрка, у якім рэстаўратары разгледзелі печку ў выглядзе свечкі і змаглі такую ж аднавіць. Захаваліся і малюнкі вядомага мастака Напалеона Орды, які гасціў у Жылічах у 1860-1870 гады.
У кожным з пакояў свой узор паркету, для якога выкарыстоўвалі пяць гатункаў драўніны. Паркет аднаўлялі поўнасцю, ён, у адрозненне ад столі, не захаваўся. Мы хадзілі па залах, то разглядаючы паркет, то ўзняўшы галовы да столі. Касетоны, роспіс, арнаменты, ляпніна, сусальнае золата – столь у кожнай зале аформлена па-рознаму, ніводны узор не паўтараецца. У многіх пакоях пакінуты фрагменты арыгінальнага роспісу ці ляпніны (фарба на іх больш бляклая), якія пацвярджаюць аўтэнтычнасць аздаблення палаца. Работа рэстаўратараў была проста тытанічнай: каб аднавіць арыгінальныя ўзоры, у некаторых пакоях ім давялося здымаць па дзесяць слаёў фарбы.
Асаблівай раскошай уражваюць бальная і банкетная залы. Мэблі пакуль не вельмі шмат, аднак яна антыкварная, адпавядае эпосе XIX-XX стагоддзяў. Частка карцін з калекцыі Булгакаў знаходзіцца ў мастацкім музеі расійскага горада Арла, і як нам расказалі, цяпер ствараюцца копіі карцін, якія з часам упрыгожаць сцены палаца.
— Мы нават уявіць не маглі, што ў беларускай глыбінцы можа быць такая прыгажосць, — з захапленнем казалі мала-
дзечанцы на развітанне.
На чарзе – чацвёртая чарга рэстаўрацыйных работ палацавага ансамбля, якія будуць праводзіцца ў парку. Тут плануецца аднавіць альтанкі, былую карэтную, водную сістэму са штучнымі азёрамі і мастацкімі вадаспадамі, якія існавалі пры Булгаках, многае іншае.
Хочацца спадзявацца, што паралельна будзе развівацца і турыстычная інфраструктура, якая пакуль яшчэ на пачатковай стадыі. Між тым жадаючых убачыць гэты комплекс нямала: сюды едуць, як арганізаваныя групы, так і сем’і, моладзь.
ПАДКАЗКА ДЛЯ ТУРЫСТАЎ
Побач з аўтавакзалам у райцэнтры Кіраўск (вул. Гагарына, 45) знаходзіцца кафэ «Смажанка», дзе гатуюць вядомыя далёка за межамі раёна смажні з дражджавога цеста з рознымі начынкамі. Амаль заўсёды ў прыдарожным кафэ стаіць чарга, але рухаецца яна хутка. Смажні недарагія — ад 1,5 да 2,5 рубля. Рэкамендую паспрабаваць, калі будуць у продажы, смажні з лісічкамі, але і з іншымі начынкамі смачныя.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.