На ім адзін з незабыўных момантаў І Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-93». Мясцовыя паэты Валерый Маркелаў, Алена Ліхадзіеўская, Таіса Трафімава, Алег Шчукін разам з вядомым беларускім паэтам Уладзімірам Карызнам і народнай артысткай Беларусі Зінаідай Бандарэнка, якая прадстаўляла літаратараў у час іх выступлення на галоўнай фестывальнай сцэне.
Алена Антонаўна ўспамінае, што публіка вельмі цёпла ўспрымала іх вершы. Ва ўсіх быў узнёслы, святочны настрой, усе радаваліся, што Маладзечна стала сталіцай такога значнага песенна-паэтычнага форуму. У мясцовых творцаў была цудоўная магчымасць сустрэцца, пагутарыць з такімі мэтрамі як Уладзімір Карызна, Алесь Пісьмянкоў, Навум Гальпяровіч, многімі іншымі.
-- Вельмі прыемныя ўражанні пакінуў аб сабе Уладзімір Карызна -- выдатны паэт-лірык, адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна нашай краіны, сціплы, інтэлігентны чалавек. Так атрымалася, што пасля выступлення на фестывалі мы вярталіся дадому ў адной электрычцы, ён -- у Мінск, я -- у сваё Краснае. Калі, пад’язджаючы да станцыі Уша, я пачала развітвацца, ён як сапраўдны джэнтльмен падняўся, з паклонам пажадаў мне ўсяго найлепшага. Трыццаць гадоў мінула, а я гэта памятаю, -- дзеліцца Алена Антонаўна і, карыстаючыся магчымасцю, дасылае прывітанні ўсім прыхільнікам беларускай літаратуры, дзякуе тым, хто шчыра цікавіцца яе творчасцю, падтрымлівае, натхняе.
Дарэчы, на першым фестывалі гучалі песні на словы Алены Ліхадзіеўскай. Наша знакамітае трыа «Фіеста» выконвала песні «Бяроза», «Мой ты міленькі» і іншыя. Акрамя таго, 13-гадовы Саша Дзяруга, які прадстаўляў Маладзечна на конкурсе маладых выканаўцаў, спяваў песню «Дыскатэка», аўтарам слоў якой таксама з’яўляецца Алена Антонаўна.
У 1993 годзе споўнілася 40 гадоў, як пры рэдакцыі нашай газеты было заснавана літаратурнае аб’яднанне «Купалінка», актыўнымі ўдзельнікамі якога з’яўляліся ўсе вышэйзгаданыя маладзечанскія паэты. А карэспандэнт нашай газеты Валерый Маркелаў доўгі час узначальваў яго (на вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця, як і Алег Шчукін). Фестывалю 30 гадоў, а нашай «Купалінцы» -- 70. І яна жыве, адкрывае новыя імёны, дорыць чытачам радасць ад сустрэчы з паэтычным словам.