Таямніцу прыадчыняе яго аўтар, у мінулым пазаштатны фотакарэспандэнт нашай газеты Аляксандр Салагуб.
-- Калі я працаваў на станказаводзе, калегі часта запрашалі мяне паздымаць сямейныя ўрачыстасці. У 1978 годзе я быў на вясковым вяселлі ў Смаргонскім раёне ў аднаго з нашых работнікаў, -- успамінае Аляксандр Аляксандравіч. -- Памятаю, што было яно шматлюдным, начавалі мы ў нейкай паветцы на саломе. А на наступны дзень самі дабіраліся да Маладзечна. Вось я і сфатаграфаваў, як госці ішлі на аўтобусны прыпынак. Відаць, сакваяжы былі цяжкія, бо іх павесілі на палкі і неслі ўдваіх. Хутчэй за ўсё, у іх былі вясельныя ўборы ды вясковыя гасцінцы.
Цяперашняя моладзь, мабыць, і не бачыла сумкі-сакваяжы, якія былі вельмі папулярнымі ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Адны хадзілі з імі на работу, іншыя ездзілі ў камандзіроўкі ці ў госці. Цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі ці закінутымі дзе-небудзь на гарышчы.
А вось сукенкі з кветкавым прынтам ці ў гарошак, у якія прыбраныя жанчыны на здымку, папулярныя і сёння, больш чым праз 40 гадоў. Нездарма ж гавораць, што мода цыклічная. Праўда, на той час былі ў модзе штучныя тканіны, напрыклад, крымплен, цяпер жа аддаецца перавага натуральным матэрыялам…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксандр САЛАГУБ.