Таццяна і Андрэй Кокала і сёння з хваляваннем успамінаюць урачысты момант, калі былы старшыня калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык уручыў ім ключы ад новенькай амбулаторыі, якую пабудавала перадавая гаспадарка. Было гэта роўна 40 гадоў таму, у лістападзе 1978 года.
Муж і жонка толькі закончылі Гродзенскі медінстытут: Таццяна набыла спецыяльнасць тэрапеўта, Андрэй – хірурга. Энергічныя, зацікаўленыя, адкрытыя ўсяму новаму, яны стварылі выдатны калектыў, з энтузіязмам узяліся за справу. Ім нават не трэба было траціць час, каб трапіць у сваю амбулаторыю: пакуль не пабудавалі свой дом, дзесяць гадоў жылі на другім паверсе гэтага ж будынка. Як з жартам успамінаюць, адкрылі кругласутачны пункт хуткай медыцынскай дапамогі…
Усе 40 гадоў працуюць у амбулаторыі ўрачы агульнай практыкі Таццяна і Андрэй Кокала.
Самыя значныя старонкі 40-гадовай гісторыі амбулаторыі разам з яе цяперашнім дружным калектывам і нязменнай загадчыцай Таццянай Кокала перагарнулі ўдзельнікі юбілейнага мерапрыемства. Яно адбылося ў Заскавіцкім Доме культуры. Вядучы Дзмітрый Рудык зачытаў віншаванне ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Івана Маркевіча, які пажадаў калектыву амбулаторыі далейшых поспехаў у аказанні медыцынскай дапамогі землякам.
Ініцыятарам урачыстасці стала старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч, працоўнае крэда якой – аб’яднаць людзей, узняць прэстыж мясцовых устаноў і арганізацый, ушанаваць работнікаў, якія гэтага заслугоўваюць. Тамара Уладзіміраўна ўручыла калектыву амбулаторыі падзячнае пісьмо сельвыканкама.
Граматамі і падзякамі ўзнагародзіла медыцынскіх работнікаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Дар’я Калядзіч. Прыемна было віноўнікам урачыстасці пачуць добрыя словы ад старшыні прафсаюзнай арганізацыі медработнікаў Мікалая Палавіны, ад калег з лячэбных устаноў раёна. Кожны з 17 работнікаў амбулаторыі быў заахвочаны ў гэты знамянальны дзень. Сярод самых вопытных — акушэрка Святлана Епімашка, якая працуе тут з дня адкрыцця ўстановы. Цэняць пацыенты стаматолага Уладзіміра Шыгалёва. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі загадчыца Турэц-Баярскага ФАПа Вольга Данілевіч, памочнік урача Таццяна Штатгаус, медыцынская сястра агульнай практыкі Марына Соусь і многія іншыя.
Прыйшлі павіншаваць медыкаў кіраўнікі ААТ «Заскавічы», мясцовых сярэдняй школы, дзіцячай школы мастацтваў, Дома культуры. Цудоўным падарункам сталі выступленні самадзейных артыстаў. Сапраўдным сюрпрызам — арыгінальныя нумары ўдзельнікаў студыі танца «Пластылін», якой кіруе Кацярына Кокала, дачка Таццяны Аляксандраўны і Андрэя Казіміравіча.
Запрасілі на сцэну медыкаў, якія працавалі тут раней – Людмілу Кандрашову, Валянціну Найдзіч, Людмілу Баран, Дзіну Мялюк.
— Менавіта тут я атрымала баявое хрышчэнне, зразумела, як трэба ставіцца да пацыентаў, навучылася браць на сябе адказнасць і не дзяліць работу на сваю і чужую, — з удзячнасцю гаварыла калегам Валянціна Найдзіч.
Акрамя добрага настрою і станоўчых эмоцый, госці атрымалі перад пачаткам свята мяшочкі здароўя з вітамінамі, маглі падсілкавацца садавіной і агароднінай, памераць артэрыяльны ціск, пазнаёміцца з гісторыяй установы на выстаўцы. Але, напэўнае, самае прыемнае і паказальнае тое, што ў зале Дома культуры не было свабодных месцаў, некаторыя гледачы нават стаялі. Здавалася, усе жыхары вёскі прыйшлі на юбілей, каб сказаць словы ўдзячнасці сваім цудоўным медыкам. Сутнасць іх прызначэння на гэтай зямлі вельмі трапна выказаў настаяцель храма Узнясення Гасподняга Мікалай Бобрык:
— Праз вас Гасподзь аказвае дапамогу людзям…
- У 1978-1988 гадах Заскавіцкая амбулаторыя працавала як школа перадавога вопыту Мінскай вобласці.
- Тут пабывалі першы сакратар ЦК Кампартыі БССР Пётр Машэраў, член Палітбюро ЦК КПСС Васілій Кузняцоў, які курыраваў медыцыну.
- У 1989 годзе тут адкрылі першы ў нашай краіне дзённы стацыянар. За гэта прагрэсіўнае новаўвядзенне амбулаторыя была ўзнагароджана дыпломам ВДНГ у Маскве.
- Заскавіцкія медыкі першымі ў БССР укаранілі ў сваю работу метад брыгаднага падраду.
- З 1999-га па 2002 год амбулаторыя стала эксперыментальнай пляцоўкай па падрыхтоўцы ўрачоў агульнай практыкі. Таццяна і Андрэй Кокала ўдзельнічалі ў беларуска-нідэрландскім праекце, праходзілі стажыроўку ў Нідэрландах і сталі першымі ў вобласці ўніверсальнымі спецыялістамі, у кампетэнцыі якіх – тэрапія, педыятрыя, хірургія, гінекалогія, неўралогія, кардыялогія, оталарынгалогія, псіхіятрыя.
Чым вам дапамаглі мясцовыя медыкі?
Наталля ЗЯНЬКО, пенсіянерка, удзельніца мастацкай самадзейнасці:
— У Заскавічах і наваколлі няма такога чалавека, які за гэтыя 40 гадоў не звярнуўся ў нашу амбулаторыю. Па сабе ведаю: як толькі прыхварэеш – ідзеш на прыём да Таццяны Аляксандраўны ці Андрэя Казіміравіча. Яны вельмі прафесійныя, адказныя ўрачы, якія перажываюць за кожнага пацыента. Мы ўсе іх паважаем і цэнім. Як цэнім і тое, што ў нашай амбулаторыі можна палячыць зубы, здаць аналізы, зрабіць працэдуры, прайсці курс лячэння ў дзённым стацыянары. Гэта вельмі зручна: не трэба ехаць у горад.
Віктар ПЕТРУСЕНКА, галоўны інжынер ААТ «Заскавічы»:
— Я цяпер на бальнічным, але на свята не мог не прыйсці, бо вельмі паважаю нашых медыкаў. Усім нам вельмі пашанцавала, што на працягу 40 гадоў пра наша здароўе клапоцяцца такія вопытныя ўрачы. Яны заўсёды паставяць правільны дыягназ, назначаць лячэнне. Аднойчы майму ўнуку тэрмінова спатрэбілася медыцынская дапамога. Я патэлефанаваў Андрэю Казіміравічу, і ён адразу прыбег да нас, нават не стаў чакаць, калі я па яго прыеду.
Ягор БОБРЫК, вучань 9 класа:
— Бывае, у мяне пачынаецца кашаль, і я заўсёды звяртаюся да нашых урачоў. Яны назначаюць таблеткі, працэдуры, і мне адразу становіцца лепш. Я ім за гэта вельмі ўдзячны! Жадаю ім самім здароўя, менш хворых, удачы і шчасця!
Маргарыта МОНІД, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі:
— Самае галоўнае – нашы медыкі заўсёды настройваюць нас, ветэранаў працы, на пазітыў, умеюць і падлячыць, і падбадзёрыць. Нам пашанцавала, што ў нас працуюць урачы агульнай практыкі, урачы-ўніверсалы. Таццяна Аляксандраўна вельмі мудрая, спакойная, уважлівая, надзвычай чулая і душэўная. Андрэй Казіміравіч кампетэнтны ва ўсім, з выдатным пачуццём гумару. З ім не толькі пра хваробы цікава пагаварыць, але і пра жыццё. Я працавала загадчыцай дзіцячага сада, які наведвала больш за 80 дзяцей. Шмат гадоў мы цесна супрацоўнічалі з амбулаторыяй, выконвалі рэкамендацыі медыкаў па захаванні здароўя малышоў, прафілактыцы розных захворванняў. Нашы выхаванцы выраслі, спадзяюся, добрым словам успамінаюць і сад, і тых, хто іх лячыў, рабіў прышчэпкі, прыбягаў на тэрміновыя выклікі.