Новости Молодечно и Молодечненского района

Юныя плыўцы Маладзечаншчыны паказалі клас у Любані

  • 2016-11-22 09:45:39
  • А.М.

— Гэты сезон адзначаецца рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў, — расказвае дырэктар СДЮШАР прафсаюзаў В. Мазнёў. — Вось і трэці этап спаборніцтваў, які праходзіў у басейне спартыўна-аздараўленчага комплексу ў Любані, сабраў больш за 400 юных спартсменаў. Таму, зразумела, канкурэнцыя ў барацьбе за прызавыя месцы была вельмі моцная. Трапіць нават у дзясятку мацнейшых маглі толькі самыя падрыхтаваныя плыўцы.

Спаборніцтвы праводзіліся сярод хлопчыкаў і дзяўчынак — вучняў 5-11 класаў. Усе ўдзельнікі спаборнічалі ў плаванні на спіне на дыстанцыі 50 метраў. Найбольшы поспех сярод маладзечанцаў спадарожнічаў Валерыі Вяль. Выхаванка СДЮШАР прафсаюзаў была мацнейшай сярод шасцікласніц, дзе на перамогу прэтэндавалі 32 юныя спартсменкі. У гэтай узроставай катэгорыі сярод хлопчыкаў вызначыўся Мацвей Галкін. Лідару — прадстаўніку сталічнай ДЮСШ «Янтарь» Філіпу Філіповічу — ён уступіў толькі крыху больш за секунду і, тым не менш, выканаў нарматыў трэцяга дарослага разраду.

Дарэчы, на гэтых спаборніцтвах многія прадстаўнікі Маладзечаншчыны палепшылі ўласныя рэкорды. Па выніках трэцяга этапу значна выраслі ў рэйтынгу Анастасія Станкевіч, Ксенія Чайка, Дар’я Гадун, Бажэна Касабуцкая, Ксенія Дашкевіч, Паліна Пузарэўская, Яна Івашанка, Ганна Сергіевіч, Злата Шыловіч, Крысціна Ганчарык, Яна Барташ, Дзмітрый Бялькевіч, Антон Карповіч, Даніла Андрэеў, Віталій Андросік, Мікалай Сушко, Уладзіслаў Паплёўка, Ягор Зуйкоў і іншыя.

Вячаслаў ТАБУЛІН