І дэбют аказаўся ўдалым. На блакітных стужках выхаванцы трэнераў Анастасіі Лях і Інгі Калве нараўне спаборнічалі са сваімі аднагодкамі з Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, ЗША і іншых краін. Усе прадстаўнікі Маладзечаншчыны былі выдатна падрыхтаваныя да барацьбы, таму ніхто з іх не застаўся без узнагарод.
Лепшага выніку дабіліся Мацвей Данкевіч і Ягор Шульга-Шчэрбін. Мацвей першым фінішаваў у спрынце (50 м) і другім — на 100-мятроўцы на спіне. Ягор вызначыўся ў такім складаным відзе, як батэрфляй. Яму не было роўных на дыстанцыі 100 метраў, а ў спрынце юны плывец заваяваў «серабро». Яшчэ па дзве сярэбраныя медалі дабавілі ў скарбонку каманды Ксенія Сліжык і Генрых Тонкавіч, якія вызначыліся ў плаванні на 50 і 100 м брасам. На рахунку Данііла Пашкоўскага — два бронзавыя медалі.
— Вельмі рада за сваіх падапечных, — сказала пасля вяртання з Каўнаса Анастасія Лях. — Зразумела, перажывала за іх, хаця і не ставіла звышзадач, бо ўпершыню ўдзельнічалі ў спаборніцтвах такога ўзроўню. Таму галоўнае, на што спадзявалася, каб дзеці не разгубіліся, упэўнена адчувалі сябе ў басейне сярод іншых. Не падвялі нават тыя, хто займаецца ў нашай спартыўнай школе толькі першы год. Каця Бандарык і Мілана Чырыца, напрыклад, паказалі вынік, які адпавядае першаму юнацкаму разраду. Значна палепшыў на гэтых спаборніцтвах свае дасягненні і Захар Пташнік. А Яна Буяліч дастойна выступіла на трох дыстанцыях і выканала нарматыў 2-га дарослага разраду.