Новости Молодечно и Молодечненского района

Врачи рассказали подросткам, как сберечь слух

  • 2020-01-20 08:14:42
  • Ірына Рабушка

На працягу якога часу можна выкарыстоўваць навушнікі, каб яны не нашкодзілі здароўю? Чым увогуле небяспечнае гэта ўстройства, без якога цяпер мала хто абыходзіцца, асабліва моладзь? Медыкі дзіцячай паліклінікі пагаварылі на актуальную тэму з падлеткамі.

На гутарку запрасілі вучняў ад малодшага да старэйшага ўзросту. Дыялог быў пабудаваны ў даступнай для іх форме інтэрактыву і віктарыны. Хлопчыкаў і дзяўчынак найперш цікавала, якімі навушнікамі лепш карыстацца, на працягу якога часу ў іх можна слухаць музыку. Некаторых хвалявалі нават вузкія медыцынскія аспекты, у прыватнасці, магчымыя наступствы працяглага выкарыстоўвання ўстройства. Нягледзячы на юны ўзрост, дзеці падзяліліся ўласнымі ведамі і жыццёвымі назіраннямі пра тое, як навушнікі могуць нашкодзіць здароўю. Расказалі пра сумныя гісторыі сваіх блізкіх і знаёмых, якія трапілі ў дарожныя аварыі, не пачуўшы сігнал аўтамабіля, бо вушы «былі занятыя музыкай».

— Бацькам трэба пастаянна нагадваць сынам і дочкам правілы бяспекі, незахаванне якіх можа шкодзіць здароўю і ўрэшце каштаваць жыцця, — зазначае загадчык аддзялення ўрач-педыятр дзіцячай паліклінікі Аксана Астапкевіч. – Апошнім часам павялічылася колькасць выпадкаў, калі ў юных пацыентаў дыягнастуюць зніжэнне слыху, да чаго прыводзіць некантралюемае карыстанне навушнікамі.

Спецыялісты паліклінікі далі слушныя рэкамендацыі. Напрыклад, дзецям да 10-12 гадоў увогуле непажадана слухаць музыку пры дапамозе гэтага ўстройства. У падлеткавым узросце час абмежаваны да гадзіны (калі без перапынку) і да трох — з перапынкамі на працягу дня. Дапушчальная гучнасць — да 60 працэнтаў ад максімальнай.

— З вашых навушнікаў не павінны чуць гукі іншыя. У адваротным выпадку трэба зрабіць цішэй, каб знізіць нагрузку ў першую чаргу на ўласны слыхавы апарат. Ні ў якім разе нельга засынаць з імі! І абавязкова адключаць навушнікі па-
блізу дарог з транспартным рухам, — папярэджвае педыятр.

Таксама медыкі раяць аддаваць перавагу поўнаразмерным навушнікам — яны лічацца менш шкоднымі. Не рэкамендуюць устройства пазычаць, бо гэта негігіенічна. А яшчэ трэба рэгулярна чысціць прыбор і вушы і абавязкова правяраць слых раз у два гады, калі няма відавочнага дыскамфорту ў здароўі.

— Штогод ў свеце на 15-25 працэнтаў павялічваецца колькасць людзей, якія пакутуюць на тугавухасць ці глухату. Мы спадзяёмся, што гэта акцыя зверне ўвагу дзяцей, іх бацькоў і педагогаў на забаву, якая ўжо ператварылася ў сапраўдную праблему сучаснасці, — рэзюмавала Аксана Астапкевіч.

Пры якіх сімптомах трэба ісці да ўрача

Гэта галаўны боль (асабліва калі адчуваецца паблізу вушэй);
часты атыт;
звон ці шум у вушах;
галавакружэнне; скачкі артэрыяльнага ціску;
праблемы з памяццю і ўвагай; хранічная стомленасць;
млоснасць, не звязаная з ежай; зніжэнне слыху.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ДЗІЦЯЧАЙ ПАЛІКЛІНІКІ.