Новости Молодечно и Молодечненского района

«Веселый дельфин»

  • 2016-12-16 11:25:52
  • Вячаслаў Табулін

Традыцыйныя спаборніцтвы сабралі ў Барысаве мацнейшых юных спартсменаў вобласці. Сталіцу на гэтым турніры прадстаўлялі дзве каманды. За прызавыя месцы акрамя гаспадароў змагаліся на блакітных стужках плыўцы вілейскай, нясвіжскай, салігорскай і слуцкай дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву.

Пад кіраўніцтвам сваіх трэнераў Уладзіслава Антонава, Наталлі Асіповіч, Віталія Градабаева, Юліі Рашчэня нашы землякі выдатна падрыхтаваліся да спаборніцтваў, таму нараўне сапернічалі за медалі з іншымі. Асабліва вызначыліся юныя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Яна Івашынка і Валерыя Вяль занялі адпаведна першае і другое месцы ў плаванні на дыстанцыі 100 метраў на спіне. Акрамя таго, Яна паказала выдатны вынік (выканала нарматыў першага дарослага разраду) у комплексным плаванні на 200 метраў, дзе зусім крыху ўступіла лідару — прадстаўніцы Мінскай абласной комплекснай СДЮШАР Яне Рэгіня. Ганна Сергіевіч атрымала «серабро» на дыстанцыях 100 і 400 метраў вольным стылем.

Не было роўных маладзечанкам у эстафеце 4 х 50 метраў вольным стылем. Наша дзявочая дружына ў складзе Ганны Сергіевіч, Паліны Дзянісік, Валерыі Вяль і Яны Івашынка не пакінула ніякага шансу традыцыйна моцным камандам Мінскага і Барысаўскага раёнаў, якія фінішавалі адпаведна на другой і трэцяй пазіцыі.
Пераможным быў фініш маладзечанак і ў камбінаванай эстафеце 4 х 50 метраў. Першую пры-
ступку п’едэстала гонару ў гэтым відзе занялі Яна Івашынка (на сваім этапе юная спартсменка паказала вынік кандыдата ў майстры спорту), Ксенія Дашкевіч, Ганна Сергіевіч, Валерыя Вяль.
У нашых хлопцаў, на жаль, дасягненні на гэтым турніры больш сціплыя. Лепшага выніку дабіўся Кірыл Руды, які заваяваў «бронзу» на дыстанцыі 100 метраў брасам.

Каманднае першынство выйгралі юныя плыўцы Салігорскага раёна. Барысаўчане занялі другое месца. Выхаванцы Маладзечанскай СДЮШАР прафсаюзаў — на трэцім.