Новости Молодечно и Молодечненского района

Вакцынацыя тычыцца і вяскоўцаў

  • 2021-10-26 05:03:12
  • Алег Бяганскі

На гэта звярнуў увагу старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс. Ён падкрэсліў, што вялікая роля ў прафілактыцы Covid-19 у калектывах адводзіцца арганізацыям аграпрамысловага комплексу.

— Наймальнікі надзвычай зацікаўлены, каб іх работнікі былі здаровыя і добрасумленна выконвалі свае абавязкі, — адзначыў субяседнік. – Пры гэтым дзейснай мерай па прадухіленні распаўсюджання небяспечнага захворвання з’яўляецца вакцынацыя.

Вось чаму на шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый матывуюць работнікаў зрабіць прышчэпку.

Напрыклад, на ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і ТДА «Віст» тым, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі, прадугледжана аднаразовая выплата. Некаторыя суб’екты гаспадарання прадстаўляюць для вакцынацыі аплачваемы выхадны дзень за кошт прадпрыемства. У раёне склалася практыка, калі наймальнікі сумесна з медыцынскімі ўстановамі арганізуюць вакцынацыю непасрэдна на прадпрыемствах.

Анатолій Фурс заклікае адказных асоб у гаспадарках больш увагі надаваць самаадчуванню работнікаў да змены і ў час работы. Таксама важна, каб на працоўных месцах выконваліся правілы аховы працы, людзі мелі сродкі індывідуальнай абароны, былі забяспечаны спецадзеннем. Сачыць за
гэтым акрамя профільных спецыялістаў павінны прафсаюзныя актывісты, а таксама грамадскія інспектары па ахове працы.

— Работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія перанеслі каранавірус, аказваецца матэрыяльная дапамога, — нагадаў прафсаюзны лідар. – Важна, што члены прафсаюзаў могуць аздаравіцца ў прафсаюзных санаторыях са скідкай 25 працэнтаў. Такой магчымасцю не варта грэбаваць. Тым больш што частку выдаткаў (або нават усе) можа ўзяць на сябе арганізацыя.

Алег БЯГАНСКІ.