За медалі змагаліся амаль 170 хлопчыкаў і дзяўчынак у трох узроставых групах, якія прадстаўлялі ўсе шэсць абласцей Беларусі і горад Мінск. Прыемна адзначыць, што гонар цэнтральнага рэгіёна абаранялі і прадстаўнікі Маладзечаншчыны. Эвяліна Трайковіч, Ілья Дарчук з Радашковіцкай сярэдняй школы, а таксама Вікторыя Жук (Аляхновіцкая СШ) паказалі лепшыя вынікі сярод сваіх аднагодак на абласных спаборніцтвах і былі ўключаны ў склад зборнай Міншчыны.
У фінале нашы землякі таксама выступілі паспяхова. Асабліва парадавалі старшыя школьнікі. У эстафеце дружына Мінскай вобласці заняла першае месца. Іх сябры па камандзе з сярэдняй узроставай групы фінішавалі трэцімі.
Лепшы вынік сярод маладзечанцаў у малодшай групе паказала Эвяліна Трайковіч. У індывідуальнай гонцы на 1800 метраў, дзе стартавалі 28 удзельнікаў, наша юная біятланістка заняла шостае месца.