Новости Молодечно и Молодечненского района

В прошлом году Лайм-боррелиозом заболели четверо молодечненцев

  • 2018-05-25 07:25:12
  • Ірына Рабушка

Штогод у Беларусі (найчасцей у сельскай мясцовасці) рэгіструецца больш за 40000 пацярпелых ад укусаў кляшчоў. Летась у краіне 136 чалавек захварэлі на клешчавы энцэфаліт, з іх пяцёра -- заразіліся пры ўжыванні казінага малака, якое не прайшло тэрмічнай апрацоўкі. Адзін выпадак з лятальным зыходам. Таксама зарэгістравана каля 1500 фактаў Лайм-барэліёзу, пры гэтым хіміяпрафілактыку пасля ўкусаў кляшчоў праводзілі ўсяго 2,5 працэнта інфіцыраваных, што і з’яўляецца адной з найбольш верагодных прычын высокай захворваемасці.

Энтамолаг Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Андрушойць засяроджвае ўвагу на правілах паводзін на прыродзе, каб не пацярпець ад укусаў кляшчоў і не сапсаваць сабе адпачынак. Трэба памятаць, што яны водзяцца ў змешаных і лісцевых лясах з густым травастоем і падлескам, а таксама ў скверах, парках, на дачных участках з высокай травой. Насуперак укаранеламу меркаванню кляшчы не падаюць з дрэў. Найчасцей прысмоктваюцца на ўчасткі з тонкай скурай і шчодрым кровазабеспячэннем (падпахавая і пахвінная зоны, шыя, жывот, за вушнымі ракавінамі, на валасістай частцы галавы). Перш чым прысмактацца, клешч можа доўга шукаць месца, таму абавязкова трэба кожныя паўгадзіны праводзіць сама- і ўзаемаагляды. У лес варта выбіраць адзенне, якое максімальна закрывае цела. Кашулю лепш заправіць у штаны, а іх – у боты (як правіла, кляшчы паўзуць уверх). Адкрытыя ўчасткі цела і адзенне апрацоўвайце рэпелентна-акарыцыднымі прэпаратамі.

Не ўжываеце казінае малако без тэрмічнай апрацоўкі.

Не здымайце і не давіце кляшча голымі рукамі (вірус можа трапіць на слізістыя, у мікрараны на скуры).
Калі ўкусу пазбегнуць не ўдалося, неадкладна звярніцеся па медыцынскую дапамогу. Знятага кляшча трэба змясціць у ёмістасць з вадкасцю або вільготнай ватай і на працягу двух-трох сутак даследаваць на ўзбуджальнік Лайм-барэліёзу.

Падрыхтавала Ірына РАБУШКА.