Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно играли в шоудаун

  • 2016-11-22 09:47:50
  • А.М.

: матч праходзіць у поўнай цішыні. Чуваць толькі, як адскоквае ад бартоў спецыяльнай пляцоўкі невялікі пластыкавы мяч ды суддзя падае каманды свістком. 

Такую карціну назіралі карэспандэнты «МГ» у час таварыскай сустрэчы па настольным тэнісе сярод сляпых (гэта і ёсць шоудаўн). Спаборніцтвы праходзілі на базе УП «ЭНВА» ГА «БелТІЗ».

-- Для выйгрышу трэба закаціць мяч у лузу на палове саперніка, -- патлумачыў інструктар па спорце вышэйзгаданага прадпрыемства Аляксей Філіпаў. -- Партыя працягваецца, пакуль адзін з гульцоў не набярэ 11 ачкоў. Пры гэтым спартсмены павінны гуляць у спецыяльных непразрыстых акулярах і карыстацца пальчаткамі. Мяч адбіваецца ракеткай, якая нагадвае кухонную лапатку. У час матчу ўдзельнікі  арыентуюцца толькі на слых. Вось чаму ніякі шум недапушчальны.

Паказаць сваё майстэрства ў Маладзечна прыехалі каля дваццаці спартсменаў з Мінска, Брэста, Гродна, Слуцка, Віцебска, іншых гарадоў Беларусі. Моцную каманду выставіла «ЭНВА». Спонсарам сустрэчы выступіў прафкам прадпрыемства. У нашым горадзе шоудаўн культывуецца ўжо два гады.  

-- Гульня вельмі азартная. Яна развівае слых, уважлівасць, маторыку, каардынацыю, патрабуе канцэнтрацыі і добрай рэакцыі. Таксама для перамогі важна прытрымлівацца вызначанай тактыкі. У шоудаўн могуць гуляць як невідушчыя, так і людзі з аслабленым зрокам, -- адзначыла Алена Звяркова, адна з удзельніц спаборніцтваў.

шоудаун

шоудаун

Настольны тэніс для сляпых прыдумалі ў 1960 годзе канадцы Джо Льюіс і Патрык Ёрк. У 1980-м шоудаўн дэбютаваў у якасці паказальнага віду на Паралімпійскіх гульнях у Нідэрландах. Праводзіліся чэмпіянаты свету. Канчаткова правілы спаборніцтваў былі сфармуляваныя ў 2009 годзе.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО