Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно дети на инвалидных колясках занимаются фехтованием

  • 2018-04-18 05:27:38
  • Анжаліка Крупянькова

У большасці з нас фехтаванне асацыіруецца з рыцарскімі ці мушкецёрскімі паядынкамі з гістарычных фільмаў, з людзьмі фізічна вынослівымі і моцнымі. А тут каляскі, якія нерухома стаяць на спецыяльных платформах… Чалавеку недасведчанаму цяжка ўявіць, як можна седзячы на іх весці бой з шабляй ці шпагай у руках.

— Спартсмену нельга прыўздымацца, адрываць ногі ад прыступкі. У яго працуе толькі верхняя частка цела, ніжняя застаецца нерухомай, — праводзіць для мяне лікбез майстар спорту па фехтаванні трэнер Алена Рыжанкова.

Год таму яна падтрымала прапанову маладзейшага калегі Арцёма Карабінскага набраць групу маладых людзей з інваліднасцю. Трэба сказаць, што гэту ідэю раней ажыццявіў адзін з самых вопытных трэнераў Маладзечаншчыны Уладзімір Мядзведзеў. Выдатна, што ў яго з’явіліся аднадумцы. Іх падтрымала дырэктар спартыўнай школы Наталля Шаліма. Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту выдзеліў дзве каляскі, манекены, іншае абсталяванне.

Алена Мікалаеўна расказвае, што спачатку не так проста было знайсці тых, хто жадае займацца, хаця заняткі бясплатныя. Звярталіся да медыкаў, педагогаў, якія працуюць з падлеткамі з праблемамі апорна-рухальнага апарату, да кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, што аб’ядноўваюць сем’і дзяцей з інваліднасцю. Хадзілі па дамах, сустракаліся з бацькамі і дзецьмі, расказвалі ім аб карысці такога віду інваспорту. Іх намаганні не былі дарэмнымі. Сёння трэнеры Алена Рыжанкова, Арцём Карабінскі і Аляксей Васільеў займаюцца з шасцярымі маладымі людзьмі ад 16 да 18 гадоў. Гэта чацвёра хлопцаў – Уладзіслаў Жураўскі, Аляксандр Кошкін, Глеб Мельнікаў, Раман Аскірка і дзве дзяўчыны – Аксана Карніловіч і Кацярына Мышко. Некаторыя рухаюцца самастойна, але ёсць і тыя, хто перамяшчаецца пры дапамозе каляскі. Безумоўна, кожны з іх перад пачаткам трэніровак атрымаў дазвол медыкаў.

Фехтуюць яны як на шаблях, так і на шпагах – гэтыя два віды абавязковыя ў паралімпійскай праграме.

— Галоўнае, каб працавала  хаця б адна рука, — гаворыць Алена Мікалаеўна і прызнаецца, што пачынаць было страшнавата. — На першых трэніроўках вельмі баялася ненаўмысна пакрыўдзіць, закрануць самалюбства, зрабіць балюча. Але з часам страхі развеяліся. Дзеці добра ідуць на кантакт, і мы хутка знайшлі агульную мову, пасябравалі. Яны малайцы – вельмі мэтанакіраваныя, дысцыплінаваныя, шмат чым цікавяцца. Адзін з хлопцаў ледзь не выдатнік у гімназіі, другі займаецца ў гандлёва-эканамічным каледжы… У кожнага з іх можна павучыцца аптымізму і жыццялюбству.

Няпроста было і падлеткам асвойваць шаблю і шпагу. Да гэтага большасць з іх ніякімі відамі фізічных нагрузак не займаліся, рукі былі слабымі. Расказваюць, што спачатку ад напружання балелі спіна, шыя, рукі. Але з часам мышцы акрэплі, з’явіліся неабходныя навыкі, узнік спартыўны азарт… Яны самі і іх блізкія сталі заўважаць, што самаадчуванне і фізічная форма сталі лепшымі. «Нашага Глеба не пазнаць, ён стаў іншым чалавекам, прычым не толькі фізічна, але і маральна!» — сказала неяк бабуля аднаго з выхаванцаў. Такі прагрэс – найлепшая ўзнагарода за карпатлівую трэнерскую працу, даражэйшая за медалі і дыпломы.

Патрабуецца дапамога спонсараў

Хаця медалі ў маладзечанскіх інваспартсменаў ужо ёсць. У мінулым годзе яны ўдзельнічалі ў чэмпіянаце Беларусі па інваспорце, які праходзіў у Мінску. У ім прымаў удзел чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Андрэй Праневіч, юныя маладзечанцы пазнаёміліся з ім, сфатаграфаваліся. Нягледзячы на дэбют, нашы землякі паказалі добрыя вынікі. Уладзіслаў Жураўскі стаў пераможцам чэмпіянату, Глеб Мельнікаў заняў другое месца. Абодвух хлопцаў залічылі ў склад рэспубліканскай зборнай. І гэта выдатны стымул для яшчэ больш упартых трэніровак. Шкада толькі, што ў аддзяленні ўсяго дзве каляскі: двое фехтуюць, астатнія чакаюць сваёй чаргі. Вось каб знайшоўся спонсар, які падтрымаў бы трэнераў-энтузіястаў і іх выхаванцаў!       

Пакуль Алена Мікалаеўна знаёміла з нюансамі сваёй работы, яе выхаванцы пачалі збірацца на трэніроўку. Адны з іх прыходзяць самі, большасць суправаджаюць сваякі. Зала для фехтавання знаходзіцца на трэцім паверсе спартыўна-забаўляльнага цэнтра.

— Вам не складана дабірацца на трэці паверх з каляскай? — пытаюся ў Алесі Карніловіч, мамы 18-гадовай Аксаны.

— Праблем няма. Тут сапраўды створана безбар’ернае асяроддзе, чаго не скажаш пра некаторыя гарадскія магазіны, установы, — дзеліцца жанчына.

Аксане падабаецца трэніравацца. Іншы раз стамляецца, але адчувае, наколькі моцнымі сталі рукі, спіна. Важна і тое, што трэніроўкі даюць магчымасць змяніць звыклую дамашнюю абстаноўку, уносяць разнастайнасць у жыццё, дапамагаюць знайсці новых сяброў.

Акрамя фехтавання Аксана любіць займацца рукадзеллем, асвойваць якое ёй дапамагаюць педагогі з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Сёлета дзяўчына заканчвае СШ №8, дзе будзе вучыцца далей, яшчэ не вырашыла.

А пакуль Аксана і яе сябры па камандзе рыхтуюцца да чарговага чэмпіянату. Мяркуецца, што гэтай вясной ён пройдзе ў Маладзечне. Вельмі хочацца пажадаць ім новых перамог. Магчыма, і іншыя падлеткі з інваліднасцю захочуць паспрабаваць свае сілы ў фехтаванні. Трэнеры гатовы ім дапамагчы, галоўнае, каб яны самі гэтага захацелі. Для пачатку можна пабываць на трэніроўцы, паглядзець, як займаюцца іншыя, паспрабаваць самому ўзяць у рукі шаблю. І адчуць сябе мушкецёрам… А каляска зусім не перашкода для смелых мар і імкнення наперад.

Трэніроўкі аддзялення інваспорту СДЮШАР №2 праходзяць па аўторках і чацвяргах з 17.30 у спартыўна-забаўляльным цэнтры па адрасе: Вялікі Гасцінец, 102. Тэл. 8-033-63-58-409.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА, архіў Аксаны КАРНІЛОВІЧ.