Новости Молодечно и Молодечненского района

В детской поликлинике Молодечно вводят электронные рецепты

  • 2018-01-19 10:40:49
  • Ірына Рабушка

У канцы мінулага года ва ўстанове камп’ютарнай тэхнікай былі абсталяваны 26 рабочых месцаў для ўчастковых урачоў-педыятраў. Навучалі карыстацца праграмай спецыялісты сталічнай IT-кампаніі. Найперш яе асвоіла загадчыца паліклінікі.

— Цяпер у нас у электронным фармаце ёсць поўная база пацыентаў да 18 гадоў, якіх у раёне больш за 25 тысяч чалавек, — заўважае Іна Аляксандраўна. — Яна, дарэчы, уведзена ў канцы 2013 года. Пераход быў вельмі няпростым: складалі інфармацыйную базу амаль цэлы год. Праграму «Электронны рэцэпт» медыкі асвойваюць значна хутчэй і лягчэй.

У час прыёму ўрач націскам на адну кнопку адкрывае электронную амбулаторную карту пацыента і на экране бачыць усе неабходныя звесткі, дыягназы, цячэнне хвароб. Штораз пры візіце да педыятра або яго выкліку на дом інфармацыя абнаўляецца, уносяцца назначэнні, рэкамендацыі па лячэнні, па неабходнасці афармляюцца рэцэпты на прэпараты. Даведнік лекавых сродкаў таксама ёсць у электронным варыянце. Доктар проста «націскае» на патрэбны. Плануецца, што сёлета новай праграмай змогуць карыстацца і ўрачы вузкай спецыялізацыі.

Бацькі пакуль насцярожаныя

Бацькам юных пацыентаў выдаюць пластыкавыя карткі са штрых-кодам і чыпам (накшталт банкаўскіх), па якіх у аптэках «счытваюць» рэцэпт. Дарэчы, на картках знаходзіцца абсалютна ўся інфармацыя, як і ў электроннай амбулаторнай картцы. Але звесткі даступныя выключна медыкам.

— Бацькі пакуль насцярожана ставяцца да электронных рэцэптаў. Нярэдка па старой звычцы просяць друкаваны. Маўляў так смялей. І мы ідзём ім насустрач, — зазначае загадчыца.
Добра зарэкамендавала сябе і інтэрнэт-рэгістратура. У выпадку хваробы ўрача альбо па іншай прычыне, з-за якой адмяняецца прыём, ёсць магчымасць апавясціць аб гэтым тых, хто запланаваў да яго візіт, і скарэкціраваць наведванне. Праз інтэрнэт-рэгістратуру разыходзіцца каля 50 працэнтаў талонаў. Іна Саўчык адзначае, што бацькі сталі больш уважлівыя і таксама паведамляюць, калі не атрымліваецца прыйсці да ўрача.

Пасада -- урач агульнай практыкі

Актуальнае для паліклінікі яшчэ адно новаўвядзенне Міністэрства аховы здароўя – забеспячэнне ўрачамі агульнай практыкі па педыятрычным профілі.

— Мы вырашылі звярнуцца да ўласнага вопыту. У выпадку неабходнасці тых ці іншых спецыялістаў часам перанавучаем сваіх. Так, напрыклад, у нас з’явіўся ўрач функцыянальнай дыягностыкі, які расшыфроўвае электракардыяграмы, спіраграмы (даследаванне функцый дыхальнай сістэмы). Цяпер у Мінск накіравалі першага педыятра на перанавучанне на ўрача агульнай практыкі, — працягвае Іна Аляксандраўна.

Замацоўваюцца ў калектыве маладыя спецыялісты. Нядаўна яго папоўнілі пяцёра выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў краіны – па два неўролагі і отарыналарынголагі, а таксама афтальмолаг. Застаюцца ў нас найперш з-за таго, што ЦРБ дапамагае вырашыць жыллёвае пытанне. Па магчымасці прадстаўляюцца арэндныя кватэры або пакоі ў інтэрнаце.

У першай групе здароўя -- толькі трэць дзяцей

Агульнае, што турбуе як пачынаючых, так і вопытных медыкаў, — здароўе юных пацыентаў.

— На жаль, толькі 30 працэнтаў нашых падапечных маюць першую групу здароўя, больш за 60 – з нескладанымі функцыянальнымі адхіленнямі, астатнія – з сур’ёзнымі хранічнымі захворваннямі, а таксама з інваліднасцю, — гаворыць І. Саўчык. – Найчасцей даводзіцца дыягнаставаць хваробы страўнікава-кішачнага тракту, апорна-рухальнага апарату, мочавыдзяляльнай сістэмы. Іншым разам бацькі не звяртаюць увагі на першыя сімптомы таго ці іншага захворвання, зацягваюць з візітам да спецыялістаў і ў выніку губляюць каштоўны час у лячэнні. Не вельмі ахвотна яны карыстаюцца і магчымасцю санаторна-курортнага аздараўлення, якое па паказаннях бясплатнае і вартае таго.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.