Новости Молодечно и Молодечненского района

Упэўнены крок у паўфінал

  • 2017-08-25 11:44:01
  • Вячаслаў Табулін

Сапернік, скажам шчыра, для «зуброў» не самы моцны. Ды і ўвогуле ў гэтым сезоне моладзь пакуль марудна набірае форму. У турніры з пяці матчаў каманда атрымала перамогу толькі ў двух, і тое не ў самых моцных сапернікаў — харвацкай «Црвенай Звезды» і ХК «Брэст». Маладзечанцы, наадварот, сёлета дэманструюць выдатны вынік — чатыры перамогі ў чатырох матчах. Гэта гульня вырашала важнае пытанне: ці заваююць яны датэрмінова пуцёўку ў паўфінал? Таму матывацыя перад выхадам на лёд у гаспадароў была як ніколі высокай. Ды і падмацаванне своечасова прыйшло са сталіцы. У Маладзечна з галоўнай каманды «Дынама-Мінск» былі камандзіраваныя Міхаіл Карнавухаў, Дзмітрый Амбражэйчык, Мікіта Усціненка, Даніла Карабань. На жаль, пакуль з-за траўм не ўсе нашы хакеісты могуць выйсці на лёд.

Тым не менш і ў такім складзе «зубры» паказалі высокі ўзровень гульні. Ужо другі кідок па варотах гасцей аказаўся ўдалым для Уладзіслава Ганчарова. А неўзабаве яго сябар па камандзе Антон Мохараў скарыстаў памылку галкіпера і падвоіў лік — 2:0. Дарэчы, «дынамаўцы» ў гэты час былі ў меншасці. Таму ўжо на восьмай хвіліне сустрэчы галоўны трэнер маладзёжнай зборнай U20 Юрый Файкоў бярэ тайм-аўт, каб унесці карэктывы ў гульню падапечных. Але і пасля размовы на лядовай пляцоўцы па сутнасці нічога не змянілася. Маладзечанскія «зубры», якіх актыўна падтрымлівалі балельшчыкі, па-ранейшаму дыктавалі свае ўмовы гульні. Госці больш абараняліся і толькі зрэдку маглі дазволіць сабе контратакі. За 8 секунд да першага перапынку яны прапускаюць трэцюю шайбу. Яе аўтарам стаў Дзмітрый Амбражэйчык.

У другім перыядзе госці выглядалі крыху больш актыўнымі. Сталі часцей трывожыць галкіпера «дынамаўцаў». Аднак выніковай атакі ў іх не атрымалася. Адзіную шайбу хакеісты «маладзёжкі» змаглі закінуць толькі ў трэцім перыядзе. Яны знайшлі ў сабе сілы і канцоўку матча правялі ўпэўнена. Што тычыцца «дынамаўцаў», яны вызначыліся яшчэ адной шайбай у другой дваццаціхвілінцы, а ў канцы матча замацавалі перавагу — 5:1.
Такім чынам, каманда «Дынама-Маладзечна» датэрмінова аформіла сабе пуцёўку ў паўфінал Кубка Беларусі.

Галоўны трэнер маладзечанскіх «зуброў» Дзмітрый Краўчанка так пракаменціраваў вынікі сустрэчы:
— З нашага боку атрымалася добрая гульня. Праўда, мы не рэалізавалі некаторыя моманты, але ў хлопцаў усе дзеянні былі прадуманымі. Гэта галоўнае і было заўважана. Не заўсёды аднак атрымлівалася ажыццявіць задуманае. Але гэта яшчэ прыйдзе. Гульцы зрабілі шмат кідкоў. Не ўсе былі трапнымі. А калі мы ствараем моманты, трэба іх абавязкова рэалізоўваць. У трэцім перыядзе трое гульцоў саперніка выйшлі на галкіпера. Гэтага не павінна быць. Калі мы хочам расці, такіх памылак дапускаць нельга.

Юрый Файкоў, галоўны трэнер каманды U20:
— Гулялі супраць вельмі добрай каманды. Што казаць, калі там шмат гульцоў з нацыянальнай зборнай. Таму праглядваем цяпер іншых хакеістаў. На гульні адбілася і тое, што ў дзень матча ў нас быў шасцігадзінны пераезд з Оршы. Радуе, што хлопцы паказалі характар, каманда не развалілася і, можна сказаць, выйграла трэці перыяд. Саперніка з перамогай!

26 жніўня, маладзечанскія «зубры» праводзяць дамашні матч з мінскім «Юнацтвам». Вынік гульні ўжо не ўплывае на склад паўфіналістаў. Але гэта будзе барацьба за першы радок у турнірнай табліцы, таму матч абяцае быць вельмі цікавым.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.