— Турнір заўсёды праходзіць цікава і стаў ужо традыцыйным, — паведаміў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гарадошнага спорту трэнер Маладзечанскай ДЮСШ прафсаюзаў Аляксандр Кулак. — Сёлета ён праводзіцца ў 24-ы раз. Прыемна, што разам з ветэранамі ў спаборніцтвах актыўны ўдзел прымае моладзь. Прычым хлопцы і дзяўчаты амаль ні ў чым не ўступаюць больш вопытным гарадошнікам, а нярэдка ў асабістых паядынках і перамагаюць іх.
На працягу тыдня больш за 70 удзельнікаў змагаліся за тытулы чэмпіёнаў і прызёраў турніру на гарадошным стадыёне. Першы камплект узнагарод разыгралі жанчыны ў класічных гарадках. Пасля двух дзён напружанай барацьбы лідарства захапіла беларуская спартсменка з Гродзенскай вобласці Галіна Жаваронкава. Але на фінішы яна з мінімальным лікам уступіла саперніцам з Масквы Ніне Елісеевай, Жанне Акрымавай і заняла трэцяе месца. Масквічкі былі мацнейшымі і ў камандных спаборніцтвах. Маладзечанская дружына ў складзе Таццяны Яршэвіч, Аляксандры Мельнікавай і Ларысы Казловай заняла другое месца.
Асабістае першынство ў мужчын выйграў таксама прадстаўнік Масквы Аляксей Елісееў. Аляксандр Вернер з Санкт-Пецярбурга і Васілій Духанін, які прадстаўляў Краснадарскі край, занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Маладзечанцу Генадзію Сушко крыху не хапіла да прызавога месца. У выніку ён стаў чацвёртым. Камандныя спаборніцтвы выйгралі спартсмены з Санкт-Пецярбурга.
Не менш драматычна для беларускіх гарадошнікаў развіваліся падзеі і ў еўрагарадках. Калі, напрыклад, маладзечанка Аляксандра Мельнікава ўзяла добры старт і выйграла кваліфікацыйныя спаборніцтвы, то ў фінале паказала толькі пяты вынік. Генадзій Сушко таксама не змог замацаваць свой поспех у фінальных паядынках і заняў сёмае месца. Перамогу ў гэтым відзе святкавалі Жанна Акрымава і Уладзімір Ціхаміраў (Чарапавец).
Праўда, нашы мацнейшыя спартсмены ўзялі рэванш у фінскіх гарадках. Аляксандра Мельнікава заваявала сярэбраны медаль, Генадзій Сушко — «бронзу».
У абсалютным заліку сярод жанчын перамагла Ніна Елісеева. У маладзечанкі Аляксандры Мельнікавай трэці вынік. Сярод мужчын па суме трох відаў лідзіраваў Генадзій Сушко.