Новости Молодечно и Молодечненского района

У Маладзечанскім політэхнічным каледжы вучоба і спорт неразрыўныя

  • 2016-12-13 12:04:24
  • Вячаслаў Табулін

Створана выдатная база для заняткаў. Вучобу і спорт выкладчыкі і навучэнцы лічаць неразрыўнымі.

— Прыемна, што большасць хлопцаў і дзяўчат, якія прыязджаюць да нас на вучобу з усёй рэспублікі, ужо маюць пачатковыя навыкі ў адным, а то і некалькіх відах, — расказвае выкладчык фізічнай культуры і здароўя Алег Рыжэвіч. — Зразумела, яны жадаюць працягваць трэніроўкі. Мы стараемся вызначыць для іх прыярытэты, падказваем, дзе лепш яны сябе праявяць, і пачынаем працаваць.

Крыху больш складана даводзіцца тым навучэнцам, хто толькі пачынае наведваць басейн (для ўсіх першакурснікаў праграмай установы прадугледжаны ўрокі плавання). Але і тут усё прадумана. З тымі, хто не ўмее плаваць, выкладчыкі праводзяць дадатковыя заняткі.

Па выніках круглагадовай спартакіяды сярод сярэдніх спецыяльных устаноў раёна за мінулы год навучэнцы політэхнічнага каледжа занялі першае месца. Ёсць намер сёлета паўтарыць поспех. Таму не сціхаюць галасы навучэнцаў у спартыўнай зале, басейне. Тут з раніцы і да позняга вечара праводзяцца заняткі, арганізуюцца спаборніцтвы.

Не застаецца ўбаку ад спартыўнага жыцця і кіраўніцтва ўстановы. Дырэктар каледжа Міхаіл Клокель заўсёды цікавіцца справамі ў выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя.

— Сёння ўжо ні для каго не сакрэт, што фізкультура і спорт спрыяюць гарманічнаму развіццю асобы, дапамагаюць навучэнцам вытрымліваць значныя разумовыя нагрузкі, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — Таму заняткі ў басейне, спартзале, на стадыёне не менш важныя для кожнага юнака і дзяўчыны, якія хочуць стаць здольнымі спецыялістамі. Менавіта для іх мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб ім было цікава бавіць вольны час. Створаная спартыўная база дазваляе праводзіць цікавыя і разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы. Як правіла, ад удзелу ў іх ніхто не адмаўляецца.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.