У Маладзечне, як і па ўсёй краіне, адбыліся інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы: адкрытыя ўрокі, выступленні спецыялістаў, конкурсы і выстаўкі тэматычных работ.
У першы дзень снежня ў Палацы культуры тэматычная акцыя «Жизнь прекрасна – не губи её напрасно!» з конкурсам сацыяльных ролікаў сабрала моладзь горада і раёна. У мерапрыемстве ўдзельнічалі каманды школы-інтэрната №2 для дзяцей з парушэннямі зроку, гімназій №6, 7, Аляхновіцкай сярэдняй школы, СШ №2, 8, 12.
У журы былі запрошаны прадстаўнікі райвыканкама, медыкі, журналісты, валанцёры. Урач-эпідэміёлаг занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Маргарыта Працкова падкрэсліла неабходнасць правядзення граматнай прафілактычнай работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, а таксама сумесных намаганняў грамадства для вырашэння актуальнай праблемы.
… Слёзы мамы і разгублены позірк бацькі, неразуменне сяброў і «чужое» адлюстраванне ў люстэрку. Ты адчуваеш, што жыццё ляціць у бездань, і разумееш, што ўсяго гэтага магло і не быць… Словы з вуснаў юнакоў і дзяўчат гучалі ўсё ж не прысудам, а хутчэй папярэджаннем. Усім, хто быў у зале, хто раскажа іншым і не застанецца абыякавым да бяды, якая можа прыйсці ў кожны дом. Мовай музычнага, тэатральнага мастацтва моладзь выказвалася за здаровы лад жыцця і рабіла гэта пераканаўча. Па выніках акцыі першае месца заняла каманда гімназіі №6, другое – СШ №2, трэцяе —Аляхновіцкай сярэдняй школы.
А потым на плошчы перад Палацам культуры ў памяць аб памерлых і супраць распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі дзясяткі белых паветраных шароў паляцелі ў неба. Удзельнікі рэгіянальнай акцыі акрэслілі сваю пазіцыю так: «Маладое Маладзечна супраць СНІДу!».
- У Маладзечанскім раёне зарэгістраваны 82 выпадкі ВІЧ-інфекцыі (з іх 43 – у горадзе).
- Асноўнай прычынай застаецца палавы шлях перадачы.
- Прайсці тэсціраванне, у тым ліку і ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце любой з паліклінік і дыспансераў.
- Дадатковыя ўмовы створаны ў сацыяльна-псіхалагічным пункце Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа па вуліцы Прытыцкага.