Чаму баскетбол не ў пашане?
Маладзечаншчыну прадстаўлялі выхаванцы Мінскай абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Алімпік-2011», якая працуе на базе спартыўна-забаўляльнага цэнтра. Умовы для заняткаў тут, бадай, самыя лепшыя ў вобласці. Нават у рэспубліцы такіх гульнявых залаў, як у СРЦ, адзінкі. Штогод тут праводзяцца розныя спаборніцтвы не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага маштабу. Толькі вось на ўзровень падрыхтоўкі каманды да турніру гэта мала паўплывала. Нашы хлопцы, на жаль, не вызначаліся дакладнасцю кідкоў пры завяршэнні атак, арганізаванасцю ў абароне. Аднагодкам з пасёлка Гатава, якія прадстаўлялі сталічны раён, маладзечанцы ўступілі з лікам 18:52, дружыне Барысаўскага раёна — 22:44. І толькі ў барацьбе за трэцяе месца ўзялі верх над камандай Няс-віжскага раёна (42:28). А гатаўцы ў нядзелю сустракаліся ў фінальным паядынку з баскетбалістамі Барысаўскага раёна і мелі ўсе шансы стаць пераможцамі турніру. Але барысаўчане больш упэўнена правялі заключную частку сустрэчы, і гэта ім прынесла поспех — 51:38.
Дарэчы, фінальны паядынак атрымаўся вельмі відовішчным. Хацелася, вядома, каб у ім удзельнічалі гаспадары. З пытаннем, чаму маладзечанцам, якія маюць такія выдатныя ўмовы для трэні-ровак, на гэтых спаборніцтвах не хапіла майстэрства ў барацьбе за першае месца, аўтар гэтых радкоў звярнуўся да суддзі спаборніцтваў Леаніда Казлова.
Як адзначыў Леанід Іванавіч, умовы для трэніровак сапраўды ў спартыўна-забаўляльным цэнтры выдатныя. Але калі гаварыць у цэлым, баскетбол як від спорту тут не ў пашане. Такі падыход адбіваецца не толькі на настроі трэнераў, але і іх падапечных. У якасці прычын называліся таксама цяжкасці з прыцягненнем школьнікаў да заняткаў баскетболам, што таксама яскрава сведчыць аб невялікай папулярнасці гэтага віду спорту ў моладзі нашага горада і раёна.
Шкада, што ў спартыўнай зале, дзе спаборнічалі баскетбалісты, балельшчыкаў было няшмат.
«Залатая рыбка» зноў збірае сяброў
Зусім іншы настрой панаваў у басейне СШ №14. Тут праходзіў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па плаванні «Фестываль плавання «Залатая рыбка» на прызы Аляксандры Герасіменя. Памяшканне басейна не разлічана на вялікую колькасць гледачоў, таму многія прысутныя, сярод якіх былі не толькі дзеці, але і дарослыя, вымушаны былі назіраць за спаборніцтвамі, знаходзячыся ў фае школы. Іх эмоцыям не было межаў. Юныя ўдзельнікі заплываў адчувалі гэту падтрымку і стараліся паказаць як мага лепшыя вынікі.
Сёлета ў спаборніцтвах удзельнічалі каманды з 13 устаноў адукацыі Маладзечаншчыны. Прызы разыгрываліся сярод хлопчыкаў і дзяўчынак на дыстанцыі 25 метраў. На старт выйшлі больш за 50 чалавек. У асабістым першынстве сярод трэцякласнікаў выдатныя вынікі паказалі Ева Заяц (СШ №2) і Глеб Качаноўскі (СШ №4). У групе, у якой спаборнічалі вучні 4-х класаў, пераможцамі сталі прадстаўнікі гімназіі №10 Мацвей Данкевіч і Ксенія Сліжык. Дарэчы, Ксенія летась прадстаўляла Міншчыну на фінальных спаборніцтвах, дзе заняла першае месца. Бу-дзем спадзявацца, што сёлета наша юная спартсменка паўторыць мінулагодні поспех.
Самым яркім момантам гэтых спаборніцтваў стала сямейная эстафета 3 х 25 вольным стылем, у якой удзельнічалі тата, мама і дзіця. І хаця заплываў было зусім няшмат, яны атрымаліся вельмі відовішчнымі. А перамагла сям’я Мішыных з Чысці.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.