Новости Молодечно и Молодечненского района

Шахматы навучаць думаць

  • 2018-05-26 12:18:56
  • Вячаслаў Табулін

У 2000 годзе ў англійскім горадзе Гасцінгсе атрымаў званне віцэ-чэмпіёна свету сярод непрафесіяналаў, а крыху пазней стаў віцэ-чэмпіёнам Беларусі. У 2006 годзе шахматыст выйграў прыз «Кілаграм серабра» ў Кубку Стакгольма. Дарэчы, турнір праводзіўся ў прысутнасці шведскай каралевы Сільвіі ў зале Ратушы, дзе ўручаюць Нобелеўскую прэмію.

Філасофія барацьбы

Мінулы год быў асаблівым для нашага земляка. Выйшла яго кніга «Мат у адзін ход», дзе змешчаны 180 задач з дыяграмамі для пачынаючых шахматыстаў. Звяртаючыся ў невялікай прадмове да тых, хто хоча авалодаць сакрэтамі гэтай старажытнай гульні, аўтар дае ім карысную параду: «Вучыцеся адразу думаць за сябе і за саперніка. Гэта вельмі важная якасць у шахматах, і ў жыцці таксама…».
Пасля школы В. Качаткоў закончыў музычнае вучылішча, а затым Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Але шахматы назаўсёды засталіся самым любімым заняткам. Па яго словах, менавіта яны дапамагаюць яму крочыць па жыцці ўпэўнена.

— Калі музыка — гэта філасофія гармоніі, то шахматы — філасофія барацьбы, — дзеліцца сваімі думкамі Віталій. – Магу з упэўненасцю сказаць, што ў іерархіі барацьбы шахматы заўсёды на вышыні. І гэтаму ёсць шмат пацвярджэнняў. Нядаўна я, напрыклад, даведаўся, што ў некаторых футбольных клубах свету ёсць спецыялісты, якія вучаць гульцоў і нават трэнераў гуляць у шахматы. Мяркую, што і хакеістам гэта не пашкодзіла б. Асабіста я бачу ў такой пільнай увазе да гэтай старажытнай гульні вялікі сэнс. Па-
глядзіце, якія прыгожыя тактычныя камбінацыі мы назіраем цяпер на матчах. Прычым узрасла хуткасць іх рэалізацыі. А шахматы вучаць менавіта хуткаму і лагічнаму мысленню. Дарэчы, на мой погляд, алгарытм мыслення шахматыстаў узялі за аснову ў складанні камп’ютарных праграм і спецыялісты ІТ сферы. Давайце паразважаем. Напрыклад, у вырашэнні любой тактычнай або стратэгічнай задачы перш за ўсё мы павінны ацаніць сітуацыю. Па-другое, хутка выбраць з вялікай колькасці хадоў некалькі найбольш аптымальных. І толькі потым вызначыцца з галоўным, рашаючым крокам. У спорце, бізнесе, іншых сферах нашага жыцця той, хто навучыўся карыстацца гэтым прынцыпам, застаецца заўсёды ў выйгрышы.

Пачынаць трэба з дзяцінства
Віталій Качаткоў успамінае, што ў школьныя гады ўсе канікулы праводзіў менавіта за шахматнай дошкай.
— Асабліва летам з сябрам Валодзем Рабушкам маглі гуляць з раніцы і да вечара, — гаворыць Віталій. — А потым прыходзіў дадому і садзіўся за кнігі — перачытваў, аналізаваў свае хады, дзеянні саперніка. Такім чынам удасканальваў веды.

Ён навучыў сваіх дзяцей гэтай старажытнай гульні і лічыць, што недарэмна. Бо нішто так не развівае логіку, мысленне, як шахматы. Яны захопліваюць і дапамагаюць зусім па-іншаму паглядзець на свет.

— Усе мы імкнёмся выхоўваць сваіх дзяцей так, каб у дарослым жыцці яны сталі паспяховымі, умелі пераадольваць цяжкасці, дасягаць пастаўленай мэты, — разважае шахматыст. — А якім чынам яшчэ можна прывіць ім гэтыя і іншыя каштоўныя якасці?     

На думку В. Качаткова, калі ў раннім узросце дзіця пачынае захапляцца шахматамі, яно атрымлівае моцны штуршок развіцця як у інтэлектуальным, так і ў асабістым плане. У яго актыўна развіваюцца ўважлівасць, уменне самастойна і лагічна мысліць, прадбачыць, прымаць правільныя рашэнні. Паляпшаецца памяць, фарміруецца эмацыянальная ўстойлівасць, рашучасць, імкненне да перамогі. А паражэнні вучаць ставіцца да сябе самакрытычна і аналізаваць свае ўчынкі.



Адпачынак з карысцю
— Хутка летнія канікулы, — нагадвае Віталій Качаткоў. — Як адцягнуць дзіця ад сядзення за камп’ютарам? Варыянтаў шмат. Любыя заняткі спортам будуць карысныя. Але адзін з найлепшых спосабаў — дапамагчы яму пасябраваць з шахматамі. Між іншым у свеце гэта гульня цяпер атрымала, што называецца, другое дыханне. У нашых заходніх суседзяў цікавасць да яе павялічваецца. І гэта не дзіўна. Як сказаў у свой час адзін з наймацнейшых шахматыстаў свету Хасэ Рауль Капабланка, «шахматы — нешта большае, чым проста гульня. Гэта інтэлектуальнае баўленне часу, у якім ёсць пэўныя мастацкія ўласцівасці і шмат элементаў навуковага. Для разумовай працы шахматы азначаюць тое самае, што спорт для фізічнага ўдасканалення: прыемны шлях практыкавання і развіцця асобных уласцівасцей чалавечай натуры...».

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.