У занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адбылася «прамая лінія». На пытанні жыхароў горада і раёна адказваў намеснік галоўнага ўрача ЗЦГіЭ Сяргей Каравай.
Людзей цікавіла, які ўзровень сезоннай захворваемасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў раёне, ці выяўлены выпадкі грыпу і як засцерагчыся ад вірусаў.
Сяргей Каравай заўважыў, што з канца студзеня на Маладзечаншчыне, як і па ўсёй краіне, хворых на сезонныя інфекцыі стала больш. Але, па прагнозах Міністэрства аховы здароўя, у другой палове лютага сітуацыя павінна стабілізавацца, і захворваемасць пойдзе на спад. У нашым раёне ёсць адзінкавыя выпадкі цяжкіх ускладненняў, выкліканых вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі.
— Лабараторна пацверджаных фактаў грыпу па даных на сераду, 13 лютага, не зафіксавана. Сітуацыя на пастаянным кантролі, па медыцынскіх паказаннях бяруцца пробы на наяўнасць віруса ў пацыентаў, якія з характэрнымі сімптомамі звяртаюцца па дапамогу. Медслужбы з нагрузкай спраўляюцца, — заўважыў Сяргей Каравай.
Часцей хварэюць тыя, хто не прышчапіўся ад грыпу. Гэта тычыцца і дзяцей, і дарослых.
У час «прамой лініі» прагучала пытанне, ці можна зрабіць прышчэпку цяпер. На жаль, гэта ўжо не мае сэнсу. Яна павінна быць своечасовай – прыкладна за тры месяцы да пачатку прагназуемага сезона прастудных інфекцый. Летась на Маладзечаншчыне супраць грыпу прышчапіліся 40 працэнтаў насельніцтва – гэта аптымальная колькасць для папярэджання магчымай эпідэміі.
Таксама Сяргей Іванавіч нагадаў, што калі паднялася высокая тэмпература, не трэба хадзіць па паліклініках і заражаць іншых. Неабходна выклікаць участковага ўрача дамоў, а ў экстранных выпадках – хуткую дапамогу.
У сезон прастуды і рэспіраторных інфекцый неабходна больш уважліва ставіцца да рэжыму бадзёрасці і сну, рацыёну харчавання. Абавязкова трэба захоўваць асабістую гігіену (часцей мыць рукі з мылам ці выкарыстоўваць сродкі для дэзынфекцыі на спіртавой аснове), пазбягаць шматлюдных месцаў, сістэматычна праветрываць жыллёвыя і рабочыя памяшканні, гуляць на свежым паветры.