Новости Молодечно и Молодечненского района

Попасть к «узкому» врачу-специалисту можно по направлению терапевта

  • 2018-05-18 12:11:36
  • Ірына Рабушка


Накіраванне абавязковае
Уладзімір Іосіфавіч найперш звярнуў увагу на тое, што дэфіцыт «вузкіх» спецыялістаў паступова вырашаецца ў нашым раёне і ўвогуле ў краіне.  З іншага боку, іх не так шмат, як тэрапеўтаў або ўрачоў агульнай практыкі, якія валодаюць неабходнымі методыкамі выяўлення і лячэння кардыялагічных, рэўматычных, неўралагічных і эндакрынных захворванняў.

— На прыём да кардыёлага, рэўматолага, неўролага і эндакрынолага магчыма трапіць толькі па накіраванні тэрапеўта, калі неабходныя больш дасканалая кансультацыя, паглыбленае лячэнне. Прычым пацыенты накіроўваюцца да вузкіх спецыялістаў з вынікамі неабходных папярэдніх даследаванняў, — заўважае Уладзімір Іосіфавіч.

Здараюцца выпадкі, калі жыхары, якія не маюць накіравання ад тэрапеўта, ідуць на хітрыкі і заказваюць талоны да гэтых урачоў праз інтэрнэт-рэгістратуру. Але ў выніку скарыстаць іх не могуць, бо медрэгістратары абавязкова папросяць прад’явіць накіраванне. А вось каб трапіць на прыём да оталарынголага, афтальмолага, хірурга, анколага і траўматолага, яно не трэба. Такі парадак устаноўлены Міністэрствам аховы здароўя для дзяржустаноў.

— Калі пацыенты знаходзяцца на ўліку ў кардыёлага, рэўматолага, неўролага або эндакрынолага (гэта каля 600 чалавек у кожнага), то ўрачы самі выдаюць накіраванні (рэкамендацыі) на наступныя прыёмы. Гэтыя «вузкія» спецыялісты, нават калі іх няма ў той ці іншай паліклініцы горада, абслугоўваюць абсалютна ўсіх жыхароў, у тым ліку сельскай мясцовасці. Аб правілах прыёму можна даведацца ва ўстанове, у якой яны абслугоўваюцца. Вяскоўцам талон па неабходнасці заказвае лечачы ўрач або іншы адказны за гэта медработнік амбулаторыі, — працягвае У. Сымановіч.

Намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічным раздзеле работы Маладзечанскай ЦРБ Уладзімір Сымановіч і медрэгістратар паліклінікі №1 Святлана Яфімчык.

 

З надзеяй на маладыя кадры
І ўсё ж нельга адмаўляць тое, што пытанне забеспячэння кадрамі амбулаторна-паліклінічнага кірунку застаецца. У першай паліклініцы 37 участкаў (гэта 58000 жыхароў) абслугоўваюць 24 тэрапеўты і ўрачы агульнай практыкі, з іх сем спецыялістаў пенсіённага ўзросту. Гэта ўстанова самая вялікая сярод аналагічных у нашым раёне. Штодзень у рэгістратуру, у тым ліку па тэлефоне, звяртаецца да тысячы пацыентаў. Для параўнання: на абслугоўванні ў паліклініках №2 і №3 адпаведна каля 7000 і 16000 чалавек. Тут няма прыёму кардыёлага, рэўматолага, неўролага. Але як ужо гаварылася, пацыенты могуць трапіць да іх у іншых мясцовых установах.       

Кадравыя пытанні мяркуецца вырашыць з прыходам маладых спецыялістаў.

Са 100 чалавек, запрошаных на скрынінг, прыходзяць 20

Уладзімір Сымановіч таксама нагадаў, што летась у бальніцы №1 быў адкрыты траўмапункт, што значна палепшыла медабслугоўванне. Цяпер пацыенты з траўмамі могуць без праблем трапіць да адпаведнага «вузкага» спецыяліста, дзяжурства якога арганізавана круглыя суткі. Памылкова думаць, што сезон на траўмы бывае толькі зімой у галалёдзіцу. Іх нямала здараецца, напрыклад, у дачны перыяд.

Сярод апошніх новаўвядзенняў раённай медыцыны – скрынінг. Гэты сучасны комплекс даследаванняў праводзіцца з мэтай выяўлення і папярэджання развіцця анкалагічных захворванняў. Са студзеня такую дыягностыку ўкаранілі ў паліклініцы №2. Урачы сталі часцей выяўляць паталогіі на ранніх стадыях, што дае больш шансаў дапамагчы хворым.

У нашым раёне штогод медыкі фіксуюць звыш 600 новых выпадкаў анкалогіі. Найчасцей гэта рак скуры, лёгкіх, страўнікава-кішачнага тракту, малочнай залозы (у жанчын) і прастаты. Наогул, на ўліку па розных анкалагічных захворваннях стаіць звыш 4,5 тысячы маладзечанцаў.

— Апошнім часам асаблівая ўвага скіравана на самую ўразлівую катэгорыю насельніцтва – жанчын і мужчын 50-60 гадоў. Маладзечанцам названай групы мы нават дасылаем паведамленні-запрашэнні на скрынінг. На жаль, людзі не вельмі актыўна рэагуюць на іх — на сто такіх «пісьмаў» адгукаецца чалавек дваццаць, найчасцей жанчыны. Хаця эфектыўнасць скрынінгу надзвычай высокая, — гаворыць намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.

На працягу гэтага года чакаецца яшчэ адно новаўвядзенне ў раённай медыцыне. Гэта магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ) для даследавання ўнутраных органаў і тканак з выкарыстаннем ядзернага магнітнага рэзанансу. А ў перспектыўных планах – магчымасць правядзення ангіяграфіі (метад выяўлення паталогіі крывяносных сасудаў).

Фота: Аляксей ПЛАТКО.