Новости Молодечно и Молодечненского района

Почему лучше не отказываться от манту

  • 2017-03-22 13:30:20
  • Анжаліка Крупянькова

На гэтыя і многія іншыя актуальныя пытанні адказвае ўрач-фтызіятр, загадчыца дыспансернага аддзялення супрацьтуберкулёзнага дыспансера Тамара НАВІЦКАЯ.

— Тамара Уладзіміраўна, звыш 30 гадоў вы працуеце ў супрацьтуберкулёзным дыспансеры, 17 апошніх узначальваеце дыспансернае аддзяленне. Скажыце, за гэты перыяд сітуацыя з захворваннем на туберкулёз палепшылася?

— У апошнія дзесяцігоддзі дасягнуты ўражальны прагрэс: ва ўсім свеце смяротнасць ад туберкулёзу знізілася больш чым на 40 працэнтаў у  параў-нанні з 1990 годам, захворва-емасць таксама пастаянна зніжаецца. Шырока ўкараняюцца новыя інструменты для барацьбы з гэтай хваробай, такія, як дыягнастычныя экспрэс-тэсты.
Калі я пачынала працаваць, выяўлялася больш пазалёгачных форм туберкулёзу з-за таго, што хварэла жывёла. Памятаю, нават былі выпадкі, калі дзеці пілі малако ад туберкулёзных кароў. Акрамя таго, раней часцей здараліся рэцыдывы ў людз-ей, якія прайшлі лячэнне. Сёння яно больш эфектыўнае і кароткае. Калі ў савецкія часы пасля асноўнага курсу трэба было праходзіць паўторны, цяпер вылечваюць за адзін раз. Сёння хворыя з адкрытай формай туберкулёзу два месяцы лечацца ў абласным стацыянары, а затым на працягу чатырох месяцаў у нас. Дарэчы, лячэнне вельмі дарагое, курс на аднаго чалавека абыходзіцца дзяржаве ў эквіваленце каля 10 тысяч долараў, для хворых яно бясплатнае. Акрамя таго, ім аказваецца значная падтрымка: два разы на месяц выдаецца харчовы паёк з высокакаларыйных прадуктаў. Дзякуючы арганізацыі Чырвонага Крыжа трое нашых пацыентаў забяспечаны сучаснымі смартфонамі, пры дапамозе якіх яны пасылаюць нам відэасправаздачы аб тым, што рэгулярна лечацца дома. Гэта пазбаўляе іх ад частых візітаў у дыспансер.  

— Пацыентаў якога ўзросту ў вас больш?
— Трэба сказаць, што ў апошнія часы туберкулёз памала-дзеў. Мы выяўляем гэту хваробу часцей у людзей ва ўзросце ад 20 да 55 гадоў, пераважна ў мужчын. Найбольш выпадкаў туберкулёзу лёгкіх, бо асноўны спосаб перадачы бактэрый паветраны. Але гэта хвароба можа пашкодзіць і органы зроку, ныркі, касцявую і мочапалавую сістэмы.   

— Як часта трэба праходзіць флюараграфічнае абследаванне?
— Калі чалавек здаровы — раз у два гады. Па накіраванні ўрача рабіць яго можна з 14-гадовага ўзросту. Але ёсць шэраг прафесій – медыкі, педагогі, работнікі харчовых прадпрыемстваў і іншыя, прадстаўнікам якіх неабходна правярацца штогод, як і пры дыспансерызацыі, а таксама асобам, абавязаным па Дэкрэце №18.

Участковая медсястра Галіна Цярэшка і юная пацыентка Даша.



— Некаторыя баяцца гэтага...
— Доза апраменьвання ў час флюараграфічнага абследавання мізэрная. Яна меншая за тую, якую можна атрымаць, калі прабыць дзень на сонцы.

— Дзе можна зрабіць флюараграфію?
— У нашым дыспансеры, а таксама ў паліклініках №1 і №2. Акрамя таго, адзін з нашых пульмасканаў працуе на раёне.

— Як абследуюць дзяцей і падлеткаў? Што трэба ведаць іх бацькам?
— У гэтым кірунку адбыліся істотныя змены. Калі раней скураныя пробы Манту не былі абавязковымі, то згодна з загадам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама ад 22.12.2016 года ўсім дзецям ад аднаго да сямі гадоў, якія знаходзяцца ў арганізаваных калектывах, на працягу 2017 года неабходна правядзенне такога тэста скураной пробы Манту, а падлеткам з 14 гадоў – Дыяскінтэста. Правядзенне гэтых даследаванняў дазволіць атрымаць новы эпідэмічны паказчык распаўсюджвання туберкулёзнай інфекцыі, які мае вельмі вялікае значэнне ў барацьбе з хваробай. Таму хачу звярнуцца да бацькоў: не трэба адмаўляцца ад гэтай пробы. Яна амаль не мае супрацьпаказанняў, але даволі эфектыўная. Татам і мамам трэба ўзважыць, што больш важна: ранняя дыягностыка туберкулёзу ці неапраўданая адмова ад даследавання, якая не нашкодзіць дзіцяці і не паўплывае на яго здароўе. Бацькі павінны разумець: калі ў дарослых можна выявіць хваробу пры дапамозе флюараграфічнага даследавання, то дзіця да 17 гадоў практычна ніяк не абследуецца. А гэта вялікая рызыка.

У нашым раёне апошні раз туберкулёз у падлетка быў выяўлены ў 2015 годзе менавіта пасля пастаноўкі Дыяскінтэста, пры гэтым пры дапамозе рэнтгена змяненні ў лёгкіх не былі знойдзены, невялікія ачагі выявіў толькі камп’ютарны тамограф.       

— Тамара Уладзіміраўна, якія мерапрыемствы плануюцца ў Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам, які яшчэ называюць Днём белага рамонку?
— 24 сакавіка з 9.00 да 13.00 ля супрацьтуберкулёзнага дыспансера будзе стаяць пульмаскан, дзе кожны жадаючы зможа прайсці флюара-графічнае даследаванне. У цэнтр горада выйдуць нашы памочніцы – дзяўчаты з белымі рамонкамі, раздадуць іх прахожым і запросяць прайсці абследаванне і такім чынам прыняць удзел у акцыі. Спа-дзяюся, гараджане скарыстаюць гэту магчымасць.

24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулезам.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.