— Такія спаборніцтвы пакуль адзіныя ў рэспубліцы, — нагадаў прысутным у час адкрыцця «Марафона-2016» Уладзіслаў Кірылавіч. — Кожны год да нас прыязджаюць маладыя і вядомыя ўжо спартсмены, каб паспаборнічаць за права называцца мацнейшымі стаерамі. Прыемна, што турнір такі працяглы час карыстаецца папулярнасцю. У мінулыя гады прызы для ўдзельнікаў прадстаўляла неаднаразовая пераможца чэмпіянатаў свету і Еўропы, прызёр алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя. Сёлета галоўным спонсарам турніру з’яўляецца 11-разовы паралімпійскі чэмпіён, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы Ігар Бокій. Гэта вялікі гонар для нашага горада, нашай спартыўнай школы.
У заключэнне свайго выступлення на ўрачыстым адкрыцці «Марафона-2016» У. Антонаў прапанаваў удзельнікам і балельшчыкам хвілінай маўчання ўшанаваць памяць Юрыя Іваніцкага, які працаваў завучам СДЮШАР прафсаюзаў і стаяў ля вытокаў спаборніцтваў.
На пяцікіламетровай дыстанцыі стартавалі жанчыны. 22 удзельніцы прадстаўлялі Маладзечна, Гомель, Мінск, Гродна, Салігорск і іншыя гарады Беларусі. Пасля чатырох заплываў, кожны з якіх доўжыўся больш за гадзіну, лепшы час быў зафіксаваны ў Лізаветы Саломеннай з Гомеля (1 гадз. 2 мін. 32,37 сек.). Яна і заняла першую прыступку п’едэстала гонару. На другім месцы — Аляксандра Іода з Гродна, якая прайграла пераможцы паўтары мінуты. Выхаванка СДЮШАР прафсаюзаў Ксенія Чайка фінішавала праз дзве мінуты пасля лідара і заваявала «бронзу». Яшчэ адна наша спартсменка Ірына Міхалёнак паказала пяты вынік.
На другі дзень спаборнічалі мужчыны. Сярод 11 удзельнікаў на дыстанцыі 10 тысяч метраў прэтэндэнтам на «золата» лічыўся неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў Канстанцін Курачкін. Выхаванец сталічнай ДЮСШ «Старт» апраўдаў надзеі і свайго трэнера Яўгенія Платонава, і балельшчыкаў. Праўда, аднавіць рэкорд турніру яму не ўдалося. Але час, за які спартсмен пераадолеў 10-кіламетровую дыстанцыю, таксама ўражвае: 1 гадз. 58 мін. 8,91 сек. Сярэбраны прызёр «Марафона» Мікіта Стэфановіч з Салігорска ўступіў лідару амаль пяць мінут і заняў другую прыступку п’едэстала гонару. Яго зямляк Іван Жыліч — на трэцім месцы.