Урач-гастраэнтэролаг ЦРБ Ганна ТАКУШ:
Чым больш чалавеку гадоў, тым мацней зношваецца яго арганізм, у тым ліку і стрававальная сістэма, зазначыла Ганна Аляксандраўна. Калі гаварыць пра рот, то назіраецца атрафія жавальных мышцаў, сціраюцца зубы, змяняецца прыкус, па-слабляецца функцыя слінных залоз. Людзі ва ўзросце нярэдка скардзяцца на сухасць у роце, якая не лечыцца і лічыцца нормай. Стрававод з узростам падаўжаецца, у ім утвараюцца грыжы, у якіх могуць заставацца часткі ежы, у выніку – непрыемны пах, адрыжка, ком за грудзінай. Памеры страўніка змяншаюцца, парушаецца кровазварот яго сценак. У жоўцевым пузыры могуць назірацца застой жоўці, утварэнне камянёў. З часам горш пачынае працаваць і падстраўні-кавая залоза, таму ў пажылых людзей часта больш высокі ўзровень глюкозы ў крыві, чым у маладых. Адбываюцца змяненні і ў тонкім, тоўстым кішэчніку, што таксама можа прывесці да ня-правільнага функцыянавання стрававальнай сістэмы.
Галоўнае, на чым засяродзіла ўвагу ўрач, гэта правільнае харчаванне – дробнымі порцыямі, але часта, 4-6 разоў на дзень. Некаторым урач рэкамендуе здрабняць ежу, каб яна лягчэй ператраўлівалася.
Хранічны гастрыт
Яго прычынай могуць стаць як інфекцыйныя захворванні, так і шкодныя звычкі, парушэнне рэжыму і якасці харчавання, частае ўжыванне некаторых лекавых сродкаў, якія негатыўна ўплываюць на ўнутраную абалонку страўніка. Да гастрыту могуць таксама прывесці энда-крынныя захворванні, хранічныя хваробы нырак, стрававальнай сістэмы (панкрэатыт, цыроз печані, гепатыт), а таксама парушэнне абмену рэчываў.
Сімптомы гастрыту – ныючы боль у падлыжачнай вобласці, які ўзнікае ў час альбо пасля прыёму ежы. Радзей ён з’яўляецца праз 1,5-2 гадзіны пасля яды, на галодны страўнік ці ноччу. Болевы сімптом адчуваюць больш за палову хворых. Пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю непакояць кіслая адрыжка, пякотка (изжога), ірвота праз некаторы час пасля прыёму ежы. Калі кіслотнасць паніжаная, могуць быць млоснасць (тошнота), запоры альбо паносы, зніжэнне апетыту. Таксама ў хворых можа назірацца бледнасць скуры, ломкасць пазногцяў і валасоў, заеды ў кутках рота, адсутнасць апетыту.
Для пастаноўкі дыягназу ўрач назначае агульны і біяхімічны аналізы крыві, аналіз мачы, а таксама ФГДС – даследаванне страўніка і дванаццаціперснай кішкі з дапамогай эндаскопа. Лячэнне назначаецца кожнаму індывідуальна, яно ўключае цэлы комплекс працэдур.
Адмоўцеся ад смажанай ежы
Урач падкрэсліла, што пры лячэнні важна захоўваць спецыяльную дыету, асабліва ў перыяды абвастрэння. Неабходна адмовіцца ад смажанай, тлустай, вэнджанай, салёнай ежы, стравы павінны быць цёплымі, а не гарачымі альбо халоднымі. Карысныя вараныя, прыгатаваныя на пары ці запечаныя ў духоўцы.
Пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю важна правільна ўжываць садавіну і агародніну. Урач дала параду не есці яблыкі на галодны страўнік, бо фруктовая кіслата выклікае павышанае выдзяленне страўнікавага соку. Таксама непажаданыя вінаград, бабовыя, капуста, якія выклікаюць уздуцце. Фрукты нельга ўжываць адразу пасля прыёму ежы. Аптымальны варыянт – праз гадзіну пасля яды.
Язвавая хвароба
Гэта хвароба, пры якой у страўніку ці дванаццаціперснай кішцы чалавека ўтвараюцца дэфекты – язвы. Для яе характэрныя хра-нічнасць і цыклічнасць, абвастрэнне восенню і вясной. Часцей яна назіраецца ў мужчын ад 20 да 50 гадоў.
Сярод прычын, якія выклікаюць язву, урач найперш назвала мікроб Helicobacter, які шкодзіць слізістую абалонку страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Акрамя таго, яе могуць справакаваць пастаянныя стрэсы, трывога, дэпрэсія. Сярод прычын таксама дрэнная спадчыннасць, ня-правільнае харчаванне, злоўжыванне алкаголем, курэнне, бескантрольны прыём некаторых лякарстваў, у тым ліку аспірыну.
У маладых людзей хвароба праяўляецца болем у верхняй частцы жывата, характэрным начным і «галодным» болем, пякоткай праз 2-3 гадзіны пасля яды, можа ўзнікаць млоснасць і г.д. У пажылым узросце, заўважыла Ганна Аляксандраўна, сімптомы хваробы размытыя, боль можа не адчувацца, ён не залежыць ад часу прыёму ежы. Пры гэтым язва можа быць глыбокай і вялікіх памераў. Таму раз на год неабходна звяртацца да гастраэнтэролага і праходзіць ФГДС. Язву абавязкова трэба лячыць, гэта з’яўляецца прафілактыкай анкалагічных захворванняў. Ускладненнямі язвавай хваробы могуць быць моцныя крывацёкі, перфарацыя (прарастанне ў іншыя органы).
Медыцынская сястра-дыетолаг бальніцы №1 Людміла КЕНДЫШ:
Вада: 30 грамаў на кілаграм вагі
Менавіта такую сутачную норму, рэкамендаваную медыкамі, агучыла Людміла Мікалаеўна. Прычым маецца на ўвазе толькі вада, а не чай, кава, супы, кампоты, сокі і г.д. Безумоўна, вада павінна быць чыстай. Кожны вырашае сам, купляць яе ў магазіне, набіраць у крыніцы ці з крана. І яшчэ адна агаворка: у чалавека не павінна быць супрацьпаказанняў, бо пры шэрагу хвароб урачы рэкамендуюць абмежаваць ужыванне вадкасці.
Сярод карысных для людзей ва ўзросце напіткаў дыетолаг назвала чай з малаком, кафейныя напіткі, адвар шыпшыны, кісламалочныя прадукты. А вось малако ідзе не ўсім, у некаторых людзей недастаткова ферментаў для яго засваення.
Няма апетыту – не пахудзееце
Важна ведаць, колькі чалавеку трэба ўжываць калорый за суткі, каб забяспечыць арганізм неабходнымі спажыўнымі рэчывамі і ў той жа час не перагружаць. Жанчынам ад 60 да 75 гадоў патрэбна 1950 калорый, мужчынам – 2300, пасля 75 гадоў — 1700 і 1950 калорый адпаведна. Яшчэ адно правіла – збалансаванасць бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Трэба памятаць, што вітаміны не засвойваюцца без тлушчаў. Не варта выключаць з рацыёну сметанковае масла, алей. Але ўжываць тлушчы карысна ў меру – не больш за 30 грамаў за суткі. Калі гаварыць пра сала, то некалькі разоў на тыдзень можна з’есці да 40 грамаў салёнага, бо ў ім ёсць карысная для арганізма арахідонавая кіслата. А вось ад смажанага трэба адмовіцца, асабліва ў пажылым узросце.
Важна таксама наладзіць рэгулярнае харчаванне. На дзень павінны быць чатыры прыёмы ежы (у некаторых выпадках – 6) з інтэрваламі ў чатыры га-дзіны. Калі інтэрвалы большыя, тлушчы будуць накоплівацца. Сняданак павінен складаць 25 працэнтаў сутачнага рацыёну, абед – 35, вячэра – 25, астатнія 15 працэнтаў – на прамежкавыя прыёмы ежы. Вячэраць трэба не пазней чым за тры гадзіны да сну. Перад ім можна выпіць шклянку кефі-ру, калі адчуваеце голад — са жменькай вотруб’я. А вось фрукты лепш ужываць да 16.00, а не вечарам, бо яны ўзмацняюць апетыт.
Восем гадзін, але не больш за чатырнаццаць, арганізм павінен адпачываць ад ежы. Тым, хто хоча пахудзець, карысна перыядычна рабіць разгрузачныя дні – рысавыя, грэцкія, малочныя і г.д. Пры гэтым важна, каб у вас быў апетыт. Калі яго няма – не пахудзееце, зазначыла медсястра-дыетолаг.