Новости Молодечно и Молодечненского района

Папа, мама, я — здоровая семья

  • 2017-06-20 09:36:46
  • Вячаслаў Табулін

Абласное свята здаровага ладу жыцця наш горад прымае ўжо трэці год запар. І з кожным разам колькасць яго ўдзельнікаў павялічваецца. Сёлета на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай адкрыццю фестывалю, выстраіліся 22 сям’і. Калі ўлічыць, што разам з татамі і мамамі прыехалі не толькі іх дзеці, але бабулі і дзядулі, якія ўсе тры дні знаходзіліся на гарадскім стадыёне, актыўна падтрымлівалі блізкіх, то агульная колькасць прысутных ледзь-ледзь недацягвала да 100 чалавек.

Самым прадстаўнічым аказаўся Слуцкі раён. Гэты рэгіён быў прадстаўлены трыма сем’ямі. Па дзве сям’і прыехалі з Салігорскага і Дзяржынскага раёнаў. Дарэчы, Маладзечаншчыну таксама прадстаўлялі дзве сямейныя дружыны на чале з Аляксеем Яфімчанкам і Мікалаем Шрымфам. Былі прадстаўнікі таксама з Валожынскага, Мінскага, Пухавіцкага, Барысаўскага і Уздзенскага.  

— Якога чакаеце выніку? — пытаюся ў намесніка начальніка аддзела райвыканкама Мікалая Шрымфа, самага старэйшага ўдзельніка фестывалю. Ён адказаў, што для яго асабіста, як і для ўсёй сям’і, галоўнае не вынік, а ўдзел. Але спадзяецца і на прызавыя месцы.

— Мы сябруем са спортам, і гэты фестываль стане своеасаблівым экзаменам для нашай сям’і, — дадае жонка Наталля. — Усе надзеі ўскладаем на дачку. Разлічваем, што Дар’я не застанецца без узнагароды. Яна ў нас дружыць са спортам, гуляе ў валейбол.

Прызы разыгрываліся ў трох узроставых групах. Групу «А» складалі сем’і з дзецьмі 6-8 гадоў, «Б» — 9-11, «В» — 12-14. Падводзіліся вынікі і ў абсалютным заліку асобна для дарослых і іх дзяцей.
Стартаваў фестываль з лёгкаатлетычнага конкурсу. Ён так і называўся — бег з дзіцём на руках. Самымі спрытнымі тут былі сямейныя дружыны з Дзяржынскага, Чэрвеньскага, Мінскага раёнаў. Нашы землякі, сям’я Яфімчанкаў, літаральна адну дзясятую секунды ўступілі лідарам і занялі другое месца.

У суботу спаборніцтвы пачалі таты. Яны сапернічалі ў падцягванні на перакладзіне. Аднолькавы вынік паказалі Андрэй Ханеня і Артур Меляшкевіч з Уздзенскага і Пухавіцкага раёнаў. Яны падцягнуліся па 17 разоў і раздзялілі першае і другое месцы. Па 16 разоў падцягнуліся Артур Цвірко з Дзяржынскага і Антон Жагельскі з Барысаўскага раёна і занялі трэцяе месца.

Потым мамы спаборнічалі ў скачках з месца ў даўжыню. Тройку лепшых у гэтым відзе склалі Таццяна Кабушкіна, Марыя Трайно і Кацярына Дзявочка, якія прадстаўлялі адпаведна Салігорскі, Слуцкі і Дзяржынскі раёны.

Другі дзень завяршалі спаборніцтвы па стрытболе. Лепшых вынікаў дабілася сям’я Скорыкаў з Мінскага раёна.

Для бацькоў яшчэ быў турнір па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, якім пачыналася фестывальная нядзеля. Лепшымі снайперамі аказаліся Інеса і Васілій Бабіч з Чэрвеньскага раёна, якія набралі 84 ачкі.

Героямі астатніх турніраў былі самыя маленькія ўдзельнікі. Ад іх старання залежаў агульны поспех сямейных каманд. Дзеці кідалі мяч, пераадольвалі паласу перашкод, спаборнічалі ў іншых відах. Прыемна, што ў ліку найбольш спрытных і моцных былі і маладзечанкі Яўгенія Яфімчанка і Дар’я Шрымф. Яны атрымалі спецыяльныя прызы.

Дарэчы, без прызоў і памятных узнагарод не засталася ніводная сям’я. А яшчэ ўсе ўдзельнікі атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і добрага настрою. Нягледзячы на розныя вынікі, яны засталіся сябрамі.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.