Новости Молодечно и Молодечненского района

Навучэнцы медкалледжа расказвалі прахожым у Маладзечне пра здаровы лад жыцця

  • 2018-04-20 12:54:57
  • Вячаслаў Табулін

— Як заўсёды, актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы медыцынскага каледжа, — паведаміла старшыня раённай дабрачыннай арганізацыі Яўгенія Русецкая. — Побач з магазінам «Спадчына», што па вуліцы Прытыцкага, былі абсталяваныя месцы, дзе прахожыя маглі памераць артэрыяльны ціск, атрымаць кансультацыю аб правілах правядзення ўнутрымышачных ін’екцый дома. Будучыя медыцынскія сёстры таксама прапаноўвалі інфармацыйныя бюлетэні па прафілактыцы грыпу, ВІЧ-інфекцыі, туберкулёзу і іншых захворванняў.

Рэдка хто з прахожых не звяртаў увагу на прапанову валанцёраў, напрыклад, памераць артэрыяльны ціск. А многія прызнаваліся, што рабілі гэта апошні раз некалькі гадоў таму. Вось чаму для некаторых нават маладых людзей было адкрыццём тое, што яны маюць прыкметы гіпертанічнай хваробы, таму павінны абавязкова ў бліжэйшы час наведаць урача.

Выкладчыца сястрынскай справы медыцынскага каледжа Наталля Мялюк з гордасцю расказвае пра сваіх навучэнцаў.

— Дзяўчаты толькі першы курс заканчваюць, а веды маюць дастатковыя, каб адказаць на пытанні, якія тычацца здаровага ладу жыцця. Усе разам мы стараемся акцэнтаваць увагу маладзечанцаў на тым, каб яны клапаціліся пра сваё здароўе, займаліся фізічнай культурай і спортам, вялі здаровы лад жыцця, а ў выпадку захворвання прымалі лякарствы толькі па назначэнні ўрача, ні ў якім разе не займаліся самалячэннем.

Наталля Георгіеўна нагадала, што ў нашай краіне кірункі дзяржаўнай палітыкі ў галіне здароўя насельніцтва вызначаны законам «Аб ахове здароўя». Рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады, якой прадугледжваецца стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва з ахопам усіх этапаў жыцця, шырокай інфармаванасці пра фактары рызыкі, якія пагражаюць здароўю, прапаганды здаровага ладу жыцця, умацавання сямейных каштоўнасцей, павелічэння працягласці жыцця, павышэння якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя і інш.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.